BE RU EN

Расейскі бізнэс нясе страты праз авантуры беларускага рэжыму на мяжы

  • 22.11.2021, 20:26

На межах Беларусі і ЕЗ узніклі чэргі.

Расейскі бізнэс заклапочаны чэргамі грузавікоў, якія ўтварыліся на мяжы Беларусі і Еўразвязу. Расейская Кансультатыўная рада замежных інвестыцый накіравала ліст першаму віцэ-прэм'еру ўрада Андрэю Белавусаву з просьбай дапамагчы ў развязанні праблем аўтаперавозак, паведамляе «Коммерсант».

Паводле інфармацыі выдання, падпісанты ліста папярэджваюць аб магчымых перабоях з пастаўкамі шэрагу тавараў, з затрымкамі сутыкнуліся буйныя раздробныя сеткі, ёсць рызыка коштаў. Чэргі звязаныя з міграцыйным крызісам. Польшча закрыла пераход Брузгі-Кузня два тыдні таму пасля таго, як на яго накіравалася вялікая група мігрантаў. На суседнім пераходзе Бераставіца-Баброўнікі затрымаліся фуры з таварамі для РФ.

У Кансультатыўную раду замежных інвестыцый уваходзяць найбуйнейшыя кампаніі, якія займаюцца вытворчасцю і дыстрыбуцыяй тавараў паўсядзённага попыту (Danone, Mars, Metro, PepsiCo, Sanofi, Coca-Cola, Unilever і інш.). У лісце сцвярджаецца, што час пераходу мяжы на пераходзе Баброўнікі-Бераставіца павялічыўся да 80 гадзін, а дзень прастою аўтамабіля каштуе мінімум 500 еўраў. На альтэрнатыўных маршрутах праз Літву і Латвію таксама пачалі з'яўляцца заторы, пры тым што яны каштуюць прыблізна даражэй на 300 еўраў за аўто.

«Коммерсанту» не пацвердзілі атрыманне ліста ў прэс-службе расейскага ўрада. Не падалі каментары і іншыя службы. Выданне піша са спасылкай на прадстаўнікоў некалькіх кампаній і рытэйлераў, што пакуль сітуацыя не крытычная, але праблемы сапраўды маюць месца.

Трэба адзначыць, што беларускі Дзяржпамежкамітэт у штодзённым рэжыме абвінавачвае сумежныя краіны ў невыкананні двухбаковых дамоўленасцей па пропуску грузавікоў, аднак акцэнтуе ўвагу на кірункі з Беларусі ў Еўразвяз. Паводле інфармацыі ДПК, прапускная здольнасць беларускага КПП «Бераставіца» складае 500 грузавікоў за дзень. Паводле інфармацыі польскіх мытных органаў, час чакання ў перасячэнні мяжы ў «Баброўніках» для грузавікоў складае 35 гадзін. Мясцовы пункт санітарна-эпідэміялагічнага кантролю перайшоў на 24-гадзінны рэжым працы з 18 лістапада.

Апошнія навіны