У Расеі высмеялі газавы блеф Лукашэнкі
- 21.11.2021, 18:38
Крэмль падтрымаў пазіцыю еўрапейскіх палітыкаў.
Калі ўвядуць новыя санкцыі праз міграцыйны крызіс, Лукашэнка нібыта «гатовы абмежаваць» працу газаправода «Ямал – Еўропа». Больш за тое, ён заявіў, што Менск «можа перакрыць» аўтамабільныя і чыгуначныя шляхі, па якіх дастаўляюць тавары з Еўропы ў Расею. Аднак галоўнае праўладнае агенцтва навінаў Расеі РІА «Новости» мяркуе, што заявы Лукашэнкі блеф.
Намер або блеф
«Мы абаграваем Еўропу, яны нам пагражаюць, што закрыюць мяжу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды?» – заявіў Лукашэнка на паседжанні ўраду, чым выклікаў шквал крытыкі.
Гэтыя словы беларускі кіраўнік сказаў пасля пастановы ЕЗ увесці чарговыя санкцыі. Брусэль хоча адпомсціць Лукашэнку за міграцыйны крызіс на мяжы Польшчы і Літвы. З вясны туды сцякаюцца ўцекачы з Ірака, Лівана і Афганістана – спадзяюцца патрапіць у Нямеччыну.
На прызнанне кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Жазэпа Барэля, «газавы шантаж» пазбаўлены логікі: «Лукашэнка палохае тым, што яму не належыць. Газ прадаюць расейцы, не беларусы».
«Спачатку мігранты, цяпер паліва. Для гібрыдных атак Лукашэнка нічым не грэбуе. Ён блефуе», – пагадзіўся прадстаўнік знешнепалітычнай службы Брусэля Петэр Стана.
У Крамлі запэўнілі, што тое, што адбываецца, ніяк не паўплывае на пастаўкі газу – Расея выканае абавязальніцтвы. І сапраўды, транзітны статус не дае права Менску абмяжоўваць экспарт. Гэты пункт агаворвалі яшчэ ў 2011-м, калі «Газпрам» набываў акцыі мясцовага аператара.
Да таго ж «Ямал – Еўропа» – не адзіны шлях дастаўкі расейскага тавару еўрапейскім спажыўцам. Спачатку загружаюць «Паўночны струмень», пракладзены па дне Балтыйскага мора наўпрост у Нямеччыну. Балгарыя, Сербія і Вугоршчына атрымліваюць блакітнае паліва па «Турэцкім струмені». Яшчэ 40 мільярдаў кубаметраў, паводле патрабавання ЕЗ, ідуць праз Украіну. Беларускі маршрут выкарыстоўваюць як альтэрнатыву. А з уводам у эксплуатацыю «Паўночнага струменю – 2» ягонае значэнне яшчэ больш знізіцца.