BE RU EN

Запуск ракеты SpaceX і аўтаномная пасадка ў светлы час дня: Трансляцыя

  • 13.11.2021, 15:37

Ілан Маск запусціў яшчэ 53 спадарожнікі Starlink для шырокапалоснага інтэрнэту.

13 лістапада ў 15:19 дня паводле Менска кампанія SpaceX амерыканскага бізнэсмэна Ілана Маска пасля двухмесячнай паўзы запусціла яшчэ 53 спадарожнікі Starlink для шырокапалоснага інтэрнэту, піша liga.net.

Запуск адбыўся на пляцоўцы SLC-40 Касмічных сілаў ЗША на мысе Канаверал. У пункце старту ў Флорыдзе ў гэты момант раніца.

Спадарожнікі адправяць на прамежкавую арбіту з параметрамі 210×340 км з нахілам 53,2°. Момант адлучэння камплекта апаратаў запланаваны на 15 хвіліне 31 секундзе пасля старту.

Апараты ў гэтай серыі ўжо ўмеюць злучацца адзін з адным пры дапамозе лазернага выпраменьвання, што памяншае залежнасць арбітальнай групоўкі ад Зямлі.

Starlink – праект пакрыцця Зямлі інтэрнэтам за кошт калязямных спадарожнікаў. Плануецца вывесці да 42 000 апаратаў, кожны вагой ~260 кг. Колькасць запушчаных апаратаў пасля гэтага старту дасягне 1844 адзінак, з іх больш за 140 ужо зведзеныя з арбіты. Увесну 2018-га выдаткі на праект ацэньваліся на ≥$10 млрд. Месячная абанплата пакуль што складае $99, антэна + роўтар – $499. На вясну 2021-га кампанія атрымала больш за 500 000 заказаў на падключэнне.

Ступень B1058 тапіць не збіраюцца. У яе гэта будзе дзявяты палёт, і пасля ўздыму на вышыню больш як 110 км яе мякка пасадзяць на плыўную платформу Just Read the Instructions у Ціхім акіяне за сотні кіламетраў ад месца старту. Створкі вылавяць з вады крыху далей.

Вышыня ракеты Falcon 9 блізу 70 м, дыяметр ступеняў 3,66 м, насавога абцякальніка 5,3 м; маса без паліва ~29 т, з поўнай запраўкай да 549 т. Першая ступень абсталяваная дзевяццю рухавікамі Merlin 1D, другая адным Merlin 1D Vacuum.

Апошнія навіны