BE RU EN

Застаўшыся дома, мы вернем сабе краіну

  • АРЦЁМ ЧЭРНІКАЎ
  • 3.10.2021, 11:53

Гістарычны шанец.

Нягледзячы на тое, што ўсе кажуць пра апошні буйны страйк у 1995 годзе, працоўныя з розных прадпрыемстваў умела баранілі свае правы прыпыненнем працы нават у нядаўнія гады.

Напрыклад, у лютым 2012 года працоўныя Барысаўскага завода аўтатрактарнага электраабсталявання, абураныя нізкімі заробкамі, прыпынілі працу на некалькі гадзін. Кіраўніцтва прадпрыемства ў адказ павысіла заробкі на 20% і паабяцала прэміяльныя. Летам 2012 года аналагічныя падзеі адбыліся на прадпрыемстве «Гроднажылбуд».

Зараз сітуацыя для правільнай падрыхтоўкі і сыходу ў страйк больш, чым спрыяльная. Калі раней забастоўка пазначала масавыя акцыі працоўных, то зараз сысці ў страйк - значыць, нікуды не ісці, а заставацца дома. Такая стратэгія падыдзе абсалютна кожнаму беларусу. Напраўду ўсё залежыць ад нас.

Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу ўжо 27 гадоў. За гэтыя гады вырасла цэлае пакаленне, якое жыве пры дыктатары, і маладыя рабочыя смела могуць развязаць гэтую сітуацыю. А нас зараз вельмі шмат, і мы сталі сучаснымі спецыялістамі абсалютна ў кожнай сферы. І гэта вельмі важна. Не толькі заводы могуць страйкам спыніць злачынствы супраць народу ў Беларусі, але і працоўныя іншых прафесій. Да прыкладу, забастуюць у адзін дзень транспартнікі. Як вынік, мы атрымаем, што тысячы супрацоўнікаў не прыйдуць своечасова на свае працоўныя месцы, а гарады спыняцца ў дзесяцібальных корках.

Такое ўжо было ў 1995 годзе. Транспартны калапс у Менску тады выдатна напалохаў улады. Прычына страйка - скасаванне 10% надбаўкі працоўным. Спачатку страйк быў абвешчаны тралейбусным дэпо, але ўжо на наступны дзень на працу не выйшаў і менскі метрапалітэн. Або, да прыкладу, не выйдуць на працу супрацоўнікі аўтазаправачных станцый. Эфект будзе проста аглушальны, бо спыняцца ўсе сферы дзейнасці. Таму ўсе спецыялісты могуць дапамагчы заводам, а ў чымсьці нават пачаць першымі і задаць тэмп нарастанню забастоўкі ў Беларусі. Спыніўшы краіну, мы спынім тэрор. І абсалютна кожны беларус з'яўляецца часцінкай масавай сацыяльнай з'явы - страйка.

Нельга ўпусціць гэты гістарычны шанец на перамогу. У нас велізарная колькасць прыкладаў, калі страйкам людзі дамагаліся нармальных умоў працы і нават змянялі палітычныя рэжымы. Таму вельмі важна падрыхтавацца, зрабіць запас усяго неабходнага і застацца дома.

За адзін месяц мы нічога не страцім, але, застаўшыся дома, мы вернем сабе краіну.

Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для тэлеграм-канала «Баста!»

Апошнія навіны