BE RU EN

«Птушка запомніць і будзе помсціць»: у Гародні вароны нападаюць на мінакоў

  • 28.10.2021, 14:38

Чаму напады адбываюцца ўвосень, сказаць цяжка.

У Гародні на людзей пачалі нападаць вароны. Адзін выпадак адбыўся каля СШ №22: птушка падляцела да жанчыны ззаду і ўдарыла дзюбай у галаву. Гараджанка звярталася да медыкаў, піша Hrodna.life.

«Вясной вароны могуць напасці, бо абараняюць птушанят. Чаму напады адбываюцца ўвосень, сказаць цяжка. Вароны — самыя разумныя з птушак. Калі варона палічыць, што чалавек ёй зрабіў нешта дрэннае, то запомніць рысы твару або нейкія асаблівасці — і пры наступнай сустрэчы можа напасці і адпомсціць», - падзяліўся здагадкай арнітолаг Дзмітрый Вінчэўскі.

Камунальнікам дазволена з 1 верасня да 15 лютага знішчаць пустыя гнёзды варонаў. У Гародні гэта робяць у месцах вялікай колькасці птушак, дзе і адзначаюцца выпадкі іх нападу на людзей. Але, на думку арнітолага, такая барацьба бессэнсоўная: «Яны трымаюцца сваіх участкаў. І калі ўвосень знішчыць гняздо, птушка вернецца і пабудуе новае. Гэта ілюзія, што чалавек мацнейшы».

Апошнія навіны