У Белавежскай пушчы развялося зашмат зуброў
- 27.10.2021, 15:34
Ёсць два спосабы рэгулявання іх колькасці.
У Белавежскай пушчы паводле апошняга перапісу жывуць 675 зуброў. Гэта ўдвая больш за аптымальную колькасць жывёл у нацпарку, усім месца не стае. Тэлеканал «Мір» распавядае, як навукоўцы збіраюцца рэгуляваць іх колькасць.
Зуброў перапісваюць раз на год - бліжэй да зімы, калі жывёлы збіраюцца ў статкі. Цяпер, мяркуючы з апошняга перапісу, у Белавежскай пушчы жыве 675 асобін, што ўдвая больш за аптымальную колькасць.
На думку навукоўцаў, белавежскае пагалоўе трэба рэгуляваць. Выдаткаў на харчаванне зуброў шмат, жывёлы сталі выходзіць на сельскагаспадарчыя палеткі і шкодзіць сельгаспрадпрыемствам.
Ёсць два спосабы рэгулявання колькасці зуброў, паведамляе тэлеканал.
Першы: пашырэнне параметраў рэзервовага фонду, куды цяпер уваходзяць старыя і хворыя жывёлы.
У рэзервовы фонд зуброў вызначае спецыяльная камісія, якая кіруецца інфармацыяй з назіранняў за жывёламі.
На зуброў з рэзервовага фонду можна паляваць. Такое паляванне, паводле звестак тэлеканала, карыстаецца папулярнасцю ў замежнікаў. Кошт тура можа даходзіць да 10 тысяч еўраў.
Другі метад: больш актыўнае перасяленне зуброў. Як унутры краіны, так і за яе межамі.
Дарэчы, Беларусь з'яўляецца лідарам у колькасці зуброў. У нас жыве блізу дзвюх тысяч асобін. Ва ўсім свеце іх амаль 9 тысяч. А шэсць гадоў таму зуброў на планеце было блізу 6 тысяч.