BE RU EN

Экс-галоўны санітарны лекар Менска: Ёсць імгненны спосаб спыніць эпідэмію COVID-19

  • Іван Вайтовіч
  • 27.10.2021, 22:31

Ёсць шмат падстаў, каб усім адначасова не выходзіць на працу.

Былы галоўны дзяржаўны санітарны лекар горада Менска, Менскага раёна Іван Вайтовіч заклікаў беларусаў заставацца дома, каб спыніць распаўсюджванне COVID-19 у краіне. Публікуем тэкст ягонага звароту.

«Мір вам!

Мяне, як і большасць людзей, непакоіць і асабіста закранула сітуацыя з COVID-19 у нашай краіне. Усё часцей я чую ад сяброў і знаёмых аб смерці блізкіх. Раней так не было.

Я б хацеў памыляцца, але тая інфармацыя, якая паступае ад нашых медыкаў, разыходзіцца з афіцыйнымі лічбамі аб захворвання і смяротнасці ад гэтай інфекцыі.

Вядома, што на асобных адцінках назіраецца двухразовы рост смяротнасці ў параўнанні з пікам папярэдняй хвалі.

Сістэма аховы здароўя не дае рады росту запыту на медыцынскую дапамогу, а ад гэтага страчваецца яе якасць і мы нясём страты ў выглядзе чалавечых жыццяў.

У паліклініках і прыёмных пакоях вялізныя чэргі, месцаў у шпіталях не стае. Пад палаты ў шпіталях прыстасоўваюць сталовыя і іншыя памяшканні. Ёсць сігналы з розных рэгіёнаў аб браку медыцынскага кіслароду, лекаў. Медыкі працуюць на мяжы магчымасцяў. Ёсць дэфіцыт кваліфікаваных спецыялістаў праз звальненні і адток кадраў за мяжу.

Выказванні псеўдаспецыялістаў і некаторыя пастановы, якія прымаюцца на дзяржаўным узроўні, відавочна пагаршаюць і без таго вельмі кепскую сітуацыю.

Разлічваць пакуль на адэкватныя меры з боку дзяржавы, здаецца, не даводзіцца. Давайце вызначым, што кожны з нас можа зрабіць, каб захаваць сябе і сваіх блізкіх ад цяжкіх наступстваў гэтай падступнай інфекцыі.

Тэрмінова, проста цяпер, трэба: максімальна скараціць знаходжанне ў месцах збору людзей, строга выконваць маскавы рэжым і чысціню рук, зрабіць прышчэпку той вакцынай, якая даступная.

Дарагія беларусы, заклікаю вас, сур'ёзна пастаўцеся да неабходнасці перапыніць асноўны шлях перадачы каранавіруснай інфекцыі - паветрана-кропельны. Вазьміце адпачынак, пакіньце вашых дзяцей дома і спыніце на некалькі тыдняў кантакты з іншымі людзьмі. Бо здароўе і жыццё даражэйшае. Краіны-суседкі ўводзяць локдаўн нават пры ніжэйшым узроўні захворвання і большым адсотку прышчэпленых. Ад нашай дзяржавы такіх абмежавальных захадаў чакаць не даводзіцца. Хоць локдаўн - гэта самы хуткі і самы дзейсны спосаб, які можа спыніць далейшы рост захворвання. Нашай краіне ён тэрмінова патрэбны, каб: разарваць сувязі праз якія перадаецца вірус, каб сістэма аховы здароўя прыйшла ў сябе, каб спыніць катастрофу, да якой мы рухаемся.

Цяпер як ніколі шмат падстаў, каб адначасова ўсім не выходзіць на працу.

Будзьце разважлівыя і здаровыя! І хай захавае нас Бог! Для блізкіх і для Новай, Вольнай Беларусі!» - заявіў ён.

Нагадаем, лідар Беларускага аб'яднання працоўных Сяргей Дылеўскі заявіў аб пачатку страйку з 1 лістапада.

Апошнія навіны