BE RU EN

«Раскосмас» пераедзе на французскі касмадром пасля скарачэння фінансавання

  • 26.10.2021, 20:19

Каб выйсці на рэнтабельнасць, ракеты «Саюз» будуць запускаць з касмадрома Куру.

«Раскосмас» перанясе частку федэральных касмічных пускаў з расейскіх касмадромаў на французскі «Куру», паведаміў у аўторак кіраўнік дзяржкарпарацыі Дзмітрый Рагозін.

З ягоных слоў, пабудаваны ў 1960-х касмадром, размешчаны ў французскай Гвіяне на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна, з'яўляецца «ўнікальным пунктам на экватары, зручным для вывядзення карысных нагрузак».

«Мы, хутчэй за ўсё, будзем загружаць гэты стартавы комплекс, у тым ліку і сваімі федэральнымі пускамі. У нас ёсць цікавасць», - цытуе Рагозіна РІА Новости.

З ягоных слоў, «пераезд» на французскі касмадром патрэбны, каб выйсці на рэнтабельнасць з пускамі ракет «Саюз». Для гэтага з Куру спатрэбіцца запускаць два-тры «Саюза» ў год.

У 2022 годзе запланаваны чатыры пускі «Саюзаў» з Куру. Акрамя таго, разглядаецца магчымасць і пілатаваных запускаў - для гэтага, зрэшты, спатрэбіцца мадэрнізацыя вежы абслугоўвання.

Урад Расеі заклаў у праект федэральнага бюджэту на 2022-24 гг рэзкае скарачэнне фінансавання касмічнай галіны.

Агульны аб'ём асігнаванняў на дзяржаўную праграму «Касмічная дзейнасць Расеі» налета будзе зрэзаная на 40,3 млрд рублёў, да 210,2 млрд.

Секвестр касмічнага бюджэту на 16% адносна 250,6 млрд рублёў, закладзеных у бюджэт-2021, задуманы не як разавая акцыя, а як рашэнне на ўсю наступную трохгодку.

У бюджэце-2023 фінансаванне касмічнай дзяржпраграмы складзе 209,6 млрд. рублёў, а праз год – 209,8 млрд. рублёў.

Пад нож, паводле матэрыялаў Мінфіна, пойдуць, між іншым, выдаткі на «ажыццяўленне вытворча-тэхналагічнай дзейнасці ў касмічнай галіне»: з 20,7 млрд рублёў сёлета яны скарачаюцца да 16,7 млрд у наступным, а затым практычна абнуляюцца ў 2023 -24 гг (0,4 млрд рублей).

Федэральную мэтавую праграму «Развіццё касмадромаў» вырашана паменшыць на чвэрць – з 48,5 да 35 млрд рублёў.

Апошнія навіны