BE RU EN

Прынцэса Японіі Мака выйшла замуж

  • 26.10.2021, 20:05

Яна страціла каралеўскі статус.

Дачка наследнага прынца Японіі Фуміхіта (Акісіна) і пляменніца імператара Нарухіта прынцэса Мака выйшла замуж за свайго выбранніка, былога аднагрупніка па каледжы Кея Камура.

У аўторак, 26 кастрычніка, японская прынцэса Мака выйшла замуж без пышнай цырымоніі і традыцыйных для Японіі імпрэз. Гэты няроўны шлюб з аднагрупнікам па каледжы Кеем Камура каштаваў прынцэсе каралеўскага статусу.

Пасля ўзяцця шлюбу згодна з дзейным заканадаўствам яна перайшла на прозвішча мужа — Камура, і такім чынам упершыню ў жыцці ў прынцэсы з'явілася прозвішча, паведамляе Associated Press.

Пасведчанне аб шлюбе абнародавалі раніцай прадстаўнікі японскага каралеўскага палаца. Вяселле адбылося на фоне пратэстаў, бо многія японцы не былі згодныя з няроўным шлюбам прынцэсы, дзеля якога Мака адмовілася ў тым ліку і ад аднаразовай выплаты сумаю $1,3 млн, якую павінна была атрымаць за страту каралеўскага статуту падчас шлюбу.

«Для мяне Кей-сан - бясцэнны чалавек. Для нас наш шлюб быў неабходным выбарам, каб жыць у згодзе з нашымі сэрцамі», - сказала Мака на прэс-канферэнцыі, кажучы пра свайго мужа з павагай.

«Я люблю Мака. Я жыву толькі адзін раз і хачу правесці жыццё з каханым чалавекам», - падтрымаў жонку Кей Камура. Дадаўшы, што спадзяецца падзяліць з Мака і радасці, і гора.

30-гадовая прынцэса Мака і Кей Камура абвясцілі аб намеры брацца шлюбам у верасні 2017 года, але вымушаныя былі адкласці вяселле праз фінансавы скандал, у які была ўцягнутая маці жаніха.

Пасля вяселля і прэс-канферэнцыі прынцэса Мака пакланілася сям'і: прынцу Фуміхіта, прынцэсе Кіка і сястры прынцэсы Кака і пакінула каралеўскі палац.

Апошнія навіны