BE RU EN

Навукоўцы высветлілі, як надвор'е ўплывае на распаўсюд COVID-19

  • 24.10.2021, 15:17

Раней меркавалася, што каранавірус паводзіць сябе аднолькава ў розны час года.

COVID-19 з'яўляецца сезоннай інфекцыяй, і клімат адыгрываў важную ролю ў распаўсюджванні віруса падчас пандэмій ва ўсім свеце. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Глабальнага інстытута здароўя ў Барселоне, паведамляе cursorinfo.co.il.

Паводле даследавання, распаўсюджванне COVID-19 звязанае з нізкімі тэмпературамі і вільготнасцю, аналагічна сезоннаму грыпу.

«Пытанне аб тым, ці з'яўляецца COVID-19 сапраўды сезонным захворваннем, становіцца ўсё больш важным. І гэта неабходна ўлічваць пры распрацоўцы эфектыўных карантынных захадаў», - кажа Хаўер Рода, каардынатар даследавання.

Першапачаткова меркавалася, што клімат і варункі надвор'я практычна не ўплываюць на распаўсюд COVID-19.

Навукоўцы хацелі высветліць, ці аднолькава паводзіць сябе каранавірус SARS-CoV-2 у розны час года.

Спачатку яны выявілі, што першапачатковае распаўсюджванне COVID-19 у Кітаі адбывалася ва ўмовах нізкай вільготнасці і нізкай тэмпературы.

Даследнікі прааналізавалі ўзаемасувязь паміж тэмпературай і вільготнасцю на пачатковых этапах распаўсюджвання SARS-CoV-2 у 162 краінах на пяці кантынентах да ўжывання там карантынных захадаў.

Вынікі паказалі, што вірус хутчэй распаўсюджваецца пры нізкіх тэмпературах і нізкай вільготнасці.

Апошнія навіны