BE RU EN

У Расеі другі дзень запар выяўлена больш за 37 тысяч хворых з COVID-19

  • 23.10.2021, 21:12

За дзень памерлі 1075 чалавек.

У Расеі, паводле звестак на раніцу 23 кастрычніка, выявілі 37 678 новых выпадкаў інфікавання COVID-19, гэта чарговы максімум дзённага захворвання ў краіне з пачатку пандэміі, паведамляе «Настоящее время».

За дзень памерлі 1075 чалавек з каранавірусам, гэта таксама рэкорд з пачатку пандэміі. Агульная колькасць захварэлыхў у краіне дасягнула 8 205 983 чалавек, памерлі, паводле звестак аперацыйнага штаба, 229 528 чалавек.

Раней улады Масквы і Падмаскоўя абвясцілі лакдаўн з 28 кастрычніка да 7 лістапада праз пагаршэнне сітуацыі з COVID-19. У гэтыя дні будуць замкнёныя МФЦ, нехарчовыя крамы, фітнэс-клубы, салоны прыгажосці, кінатэатры ды іншыя арганізацыі сфэры гандлю і паслуг.

Канцэрты і масавыя акцыі таксама забароненыя. Тэатры і музеі будуць працаваць з 50-працэнтнай напаўняльнасцю залаў, туды можна будзе трапіць з QR-кодам. Харчовыя крамы ды аптэкі будуць працаваць далей. Рэстарацыі і кавярні будуць прадаваць на вынас.

Паводле звестак "Фантанкі", пецярбуржскія ўлады плануюць увесці такія ж абмежаванні з 30 кастрычніка.

Ва ўсіх расейскіх школах з 30 кастрычніка да 7 лістапада абвесцяць вакацыі. Пра гэта паведамляла РІА Новості са спасылкай на міністэрства асветы.

У Расеі дзеля сітуацыі з COVID-19 абвешчаныя непрацоўныя дні з 30 кастрычніка да 7 лістапада. Пра гэта прэзідэнт Расеі Пуцін паведаміў падчас нарады з урадам. Раней з такой прапановай выступіла віцэ-прэм'ерка Таццяна Голікава. У рэгіёнах з найбольш складанай эпідэмічнай сітуацыяй непрацоўныя дні могуць абвясціць ужо з 23 кастрычніка.

На працягу апошняга месяца лік заражэнняў COVID-19 у Расеі вырас на 70 адсоткаў. Расейскія ўлады тлумачаць такую статыстыку недастатковай вакцынацыяй. На сённяшні дзень поўную вакцынацыю дзвюма дозамі прэпарата прайшлі толькі 34 адсоткі расейцаў.

Апошнія навіны