BE RU EN

Прэзідэнт Турцыі загадаў выслаць з краіны паслоў 10 заходніх краін

  • 23.10.2021, 19:01

Эрдаган наважыў улезці ў чарговы дыпламатычны канфлікт.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган выдаў распараджэнне Міністэрству замежных спраў выслаць з краіны амбасадараў дзесяці заходніх краін. У тым ліку - ЗША, Нямеччыны ды Францыі. Пра гэта паведамляе svoboda.org са спасылкай на газету Daily Sabath.

Беспрэцэдэнтны крок растлумачаны заклікам дыпламатаў вызваліць падазраванага ў спробе дзяржаўнага перавароту турэцкага філантропа Асмана Кавалу.

Пракуратура Стамбула абвінавачвае яго ва ўдзеле ў спробе дзяржаўнага перавароту ў Турцыі ў ліпені 2016 года, ён арыштаваны. Абвінавачванні былі выстаўленыя яму адразу пасля таго, як суд апраўдаў яго ў справе аб спробе скінуць урад пасля масавых пратэстаў у Стамбуле ў 2013 годзе.

Вызваліць Кавалу раней на гэтым тыдні заклікалі амбасады ЗША, Нямеччыны, Францыі, Нідэрландаў, Канады, Новай Зэландыі, Даніі, Нарвэгіі, Фінляндыі і Швэцыі.

Турцыя - сябра NATO і кандыдат на ўступленне ў Еўразвяз. Нягледзячы на гэта, амбасадары ўсіх гэтых краін будуць абвешчаныя персона нон грата. У чацвер Эрдаган заявіў, што дыпламаты не маюць права павучаць Анкару з яе ўласнай тэрыторыі. "Хто вы наогул такія?" - сказаў тады ён.

Апошнія навіны