«Хочацца ўзяць за грудкі міністраў і спытаць: Што ж ты робіш?!»
- 23.10.2021, 13:24
Беларусы выбіраюць жыццё і сыход на самаізаляцыю.
Тое, што мы цяпер можам бачыць у нашай краіне, тыя законы, якія прымаюцца і скасоўваюцца, усе гэтыя працэсы, сходы, акцыі – гэта ўсё баль падчас чумы, піша тэлеграм-канал «Беларускага аб'яднання працоўных» (БОР).
Пакуль кожны з нас сутыкаецца з жахам, які дзеецца ў лякарнях, у трупярнях, на могілках, адзін прыдуркаваты дзед абвясціў, што захады для барацьбы з каранавірусам не патрэбныя. Не патрэбныя маскі, ізаляцыя, лекаванне, ды і ўвогуле аддаваць увагу каранавірусу не трэба, у Беларусі яго няма.
Хутка, мабыць, вернуцца нашумелыя рэцэпты лёду і трактара.
Ды толькі гэтым разам смяяцца ад гэтых заяваў не хочацца. А пачытаўшы інтэрв'ю лекараў, пагутарыўшы са знаёмымі, якія працуюць у лякарнях, хочацца раўці. Хочацца ўзяць за грудкі міністраў і сенатараў, якія паўтараюць за sinim pal'cem, і гледзячы ў вочы спытаць: «Што ж ты робіш, пачвара?! За што ты так ненавідзіш беларусаў?!»
Ды вось толькі адказу не будзе. Кішэнныя кіраўнікі прывыклі адказваць толькі тое, што ім гавораць і калі ім гавораць. Вельмі ўжо падобныя на ляльку з рукой у ср…цы.
Усё як заўсёды: развязваць праблему і разграбаць наступствы даводзіцца толькі самім. Спадзявацца на дапамогу не выпадае. Ды і хто дапамагаць будзе? Успамінаецца прымаўка: «Выратаванне тапельцаў справа рук саміх тапельцаў».
Сябры, працоўны клас Беларусі! Гэта зварот да вас! Без розніцы, за каго вы галасавалі на выбарах, без розніцы, які сцяг у вас за спінай, важна толькі адно: мы, беларусы, апынуліся адны перад тварам страшнай бяды. І толькі ад нас залежыць, якія страты панясе Беларусь у барацьбе з гэтай бядой.
Насіце маскі, захоўвайце дыстанцыю, рабіце запасы харчавання, лекаў і бытавой хіміі. Хутка ўся краіна сыдзе на самаізаляцыю, хутка мы ўсе застанемся дома. Зробім народны лакдаўн! Беражыце сябе!
Страйку быць!