Хмары ад вывяржэння вулкана на Канарах дайшлі да Менска
- 22.10.2021, 20:12
Што з якасцю паветра ў сталіцы?
Серавадародныя хмары ад вывяржэння вулкана Кумбрэ-В’еха на Канарскіх астравах, якія дасягнулі Менска, не ўяўляюць небяспекі для жыхароў сталіцы. Пра гэта паведамляюць "Менск-Навіны" са спасылкай на спецыялістаў Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Вывяржэнне вулкана Кумбрэ-В’еха на гішпанскім востраве Пальма (Канарскі архіпелаг) пачалося 19 верасня. Лава дасягнула акіяну, у выніку чаго пачалі вылучацца таксічныя выпарэнні. Паводле інфармацыі з інтэрактыўных мапаў, серавадародны туман на пачатку гэтага тыдня дасягнуў Беларусі. На якасць паветра ў сталіцы ён не паўплываў, запэўніваюць сіноптыкі.
У перыяд з 1 да 21 кастрычніка якасць паветра ў Менску ацэньвалася як даволі добрая. Нарматывы памежна дапушчальнай канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў у паветры не перавышаныя. Атмасферныя ападкі, якія выпалі ў сталіцы з 20 да 22 кастрычніка, былі нейтральныя.
Вывяржэнне вулкана Кумбрэ-В’еха можа прадоўжыцца да Калядаў. Паводле апошніх звестак, лава ўжо знішчыла больш як 880 гектараў зямлі і разбурыла больш за 2100 будынкаў. Улады вострава Пальма былі вымушаныя эвакуяваць 7 тысячаў жыхароў.