BE RU EN

Расея прадае японцам права высякаць далёкаўсходні лес

  • 21.10.2021, 18:50

Угоду ўхваліў асабіста Пуцін.

Найбуйнейшае на Далёкім Усходзе лесанарыхтоўчае прадпрыемства, што арандуе ўчасткі з правам вырубкі 3,7 мільёна кубаметраў у год, сыходзіць у рукі японскіх інвестараў.

Iida Group Holdings, аператар драўлянага домабудавання, які лідыруе ў Японіі, падаў заяўку ў Федэральную антыманапольную службу аб куплі RFP Group - аднаго з галоўных экспарцёраў расейскага лесу ў Кітай і іншыя азіяцкія краіны.

Японскі інвестар мае намер набыць 75% акцый кампаніі, актывы якой уключаюць «Дальлеспром» і «Амурское пароходство».

Як паведамляе РБК са спасылкай на блізкую да ўгоды крыніцу і прадстаўніка ФАС, дзейныя акцыянеры маюць намер захаваць за сабой 25% кампаніі.

Зараз RFP Group належыць на 27% Аляксандру Абрамаву (праз Invest AG), на 31% - Раману Абрамовічу (праз Milhouse) і на 42% - Расейскаму фонду прамых інвестыцый (праз Расейска-кітайскі інвестфонд).

Угода адбудзецца з істотнай зніжкай да ацэначнага кошту RFP Group. Са слоў крыніцы РБК, яна складае амаль 500 млн даляраў, але японцы заплацяць толькі 150 млн.

Гэтая сума прыйдзе ў выглядзе прамых інвестыцый у кампанію, якія дазволяць павялічыць магутнасці ў перапрацоўцы лесу, наладзіць выпуск элементаў драўлянага домабудавання, а таксама рэфінансаваць запазычанасці, якія дасягалі 300 млн даляраў на канец 2020 года.

Угоду ўхваліў асабіста прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, да якога акцыянеры RFP Group звярнуліся на адной з нарад у рамках Усходняга эканамічнага форуму.

Без продажу японцам нельга выйсці на «высокамаржынальны» японскі рынак, аргументаваў у гутарцы з прэзідэнтам Абрамаў. Важнае ў гэтым пагадненні не грошы, а «прыцягненне ў капітал расейскіх кампаній буйных гульцоў з тых рынкаў, якія для нас з'яўляюцца мэтавымі», казаў ён.

Зараз жа, са слоў бізнэсоўца, магчымасці вывозіць лес у Японію дэ-факта закрытыя ў сілу спецыфічнай «картэльнай структуры» рынку гэтай краіны.

Апошнія навіны