BE RU EN

МЗС Літвы ўручыла Беларусі ноту пратэсту

  • 20.10.2021, 15:54

Вільня заявіла пра неаднаразовыя парушэнні літоўскай мяжы.

МЗС Літвы ўручыла ноту пратэсту прадстаўніку беларускай амбасады ў сувязі з парушэннем дзяржаўнай мяжы памежнікам, паведамляе прэс-служба літоўскага міністэрства.

У МЗС Літвы 20 кастрычніка выклікалі прадстаўніка амбасады Беларусі, дзе яму ўручылі дыпламатычную ноту пратэсту супраць «неаднаразовых парушэнняў дзяржаўнай мяжы Літвы». Адно з іх, як сцвярджае літоўскі бок, учыніў беларускі памежнік.

«Міністэрства замежных спраў патрабуе, каб Беларусь як мага хутчэй прадставіла тлумачэнні здарэнню і ўжыла ўсе неабходныя захады для прадухілення паўтарэння такіх інцыдэнтаў у будучыні», - гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, увечары 18 кастрычніка літоўскія памежнікі зафіксавалі, як трое людзей у форме падышлі да лініі мяжы з беларускага боку. Адзін з іх зайшоў углыб літоўскай тэрыторыі на 2,5 метра. Паводле гэтага факта распачатае дасудовае расследаванне.

Апошнія навіны