BE RU EN

У Маскве праз COVID-19 уводзяць «хатні рэжым» для паджылых людзей

  • 20.10.2021, 13:43

Меры закрануць жыхароў расейскай сталіцы старэйшых за 60 гадоў.

Мэр Масквы Сяргей Сабянін абвясціў аб новых абмежавальных мерах у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, перадае "Радыё Свабода". Перш за ўсё, яны тычацца гараджан старэйшых за 60 гадоў. Са слоў Сабяніна, з трох мільёнаў масквічоў старэйшага ўзросту толькі крыху больш за трэць прайшлі вакцынацыю. Пры гэтым менавіта людзі старэйшыя за 60 гадоў складаюць 60 адсоткаў пацыентаў з COVID-19 у шпіталях, а сярод тых, хто памёр ад наступстваў захворвання іх дзель дасягае 86 адсоткаў.

У сувязі з гэтым з 25 кастрычніка да 25 лютага 2022 года жыхары Масквы старэйшыя за 60 гадоў і людзі з хранічнымі захворваннямі павінны выконваць "хатні рэжым" па месцы пастаяннага жыхарства або на лецішчах. Дазволеныя шпацыры і заняткі фізкультурай на свежым паветры. Працоўныя грамадзяне маюць права аформіць лісток непрацаздольнасці.

Ад хатняга рэжыму вызваляюцца тыя, хто ў апошнія паўгода перахварэў на COVID-19 або прайшоў вакцынацыю.

Мэрыя Масквы таксама абавязала працадаўцаў перавесці на дыстанцыйны рэжым працы не менш за 30 адсоткаў ад агульнай колькасці работнікаў, а таксама ўсіх работнікаў старэйшых за 60 гадоў і людзей з хранічнымі захворваннямі - акрамя перахварэлых і вакцынаваных. Гэта патрабаванне не закранае работнікаў медыцынскіх арганізацый, прадпрыемстваў абароннага комплексу, "Расатама", "Раскосмаса" і шэрагу іншых стратэгічных галін.

Акрамя таго, галоўны санітарны лекар Масквы абавязаў да 1 студзеня 2022 года вакцынаваць не менш за 80 адсоткаў ад агульнай колькасці супрацоўнікаў сферы паслуг. Да 1 снежня неабходна зрабіць прышчэпку першым кампанентам.

19 кастрычніка віцэ-прэм'ерка Таццяна Голікава прапанавала ўвесці непрацоўныя дні ў краіне з 30 кастрычніка да 7 лістапада. Рэгіёнам са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй прапануецца даць права ўвядзення непрацоўных дзён ужо з бліжэйшай суботы, 23 кастрычніка. Канчатковую пастанову сёння прыме прэзідэнт Уладзімір Пуцін.

Гэтая мера павінна дапамагчы аблегчыць сітуацыю з пандэміяй каранавіруснай інфекцыі новага тыпу ў Расеі.

На працягу апошняга месяца колькасць заражэнняў COVID-19 у Расеі вырасла на 70 адсоткаў, пры гэтым практычна кожны дзень фіксуецца сутачны максімум як новых выпадкаў захворвання, так і памерлых. Толькі ўчора ў Расеі, уключаючы анэксаваны Крым, памерлі 1 015 пацыентаў з пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй новага тыпу.

Расейскія ўлады тлумачаць такую статыстыку недастатковай вакцынацыяй. На сённяшні дзень поўную вакцынацыю двума дозамі прэпарата прайшлі толькі 34 адсоткі расейцаў.

Апошнія навіны