«Беларускі Сноўдэн» папрасіў палітычны прытулак у Францыі
- 16.10.2021, 12:17
СМІ упершыню апублікавалі фота праграміста Сяргея, што выкрываў катаванні ў калоніях РФ.
Беларускі праграміст Сяргей, які перадаў праваабарончаму праекту Gulagu.net відэаархіў з 40 ГБ запісаў катаванняў і згвалтаванняў у расейскіх калоніях, цяпер у Францыі, пра гэта паведамляе gulagu.net.
«Сяргей у аэрапорце CDG-Paris», - напісаў кіраўнік праекта Gulagu.net Уладзімір Асечкін і размясціў фота праграміста.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у Францыі беларус запытаў палітычны прытулак.
Нагадаем, пасля публікацыі відэа ў СМІ кіраўніцтва ФСВП звольніла начальніка рэгіянальнага кіравання ведамства Аляксея Фядотава. Яго пазбавілі пасады «за сур'ёзныя пралікі ў аператыўна-службовай дзейнасці».
Пасады страцілі таксама начальнік туберкулёзнай бальніцы ведамства №1 у Саратаве Павел Гацэнка, намеснік Гацэнка ў бяспецы Сяргей Салаў, начальнік аператыўнага аддзела Антон Бачкоў і начальнік аддзела бяспекі Сяргей Мальцаў.
Па матэрыялах відэа ў Саратаўскай вобласці распачалі чатыры крымінальныя справы, паведамляе «Медиазона».