Амаль 25 тысяч менчукоў атрымаюць «адмысловыя» рахункі ў гэтым квартале
- 16.10.2021, 11:12
Шмат каму з іх кожны дзень тэлефануе аўтаадказчык.
Пра захады ў зніжэнні пратэрмінаванай запазычанасці аплаты «камуналкі» ішла размова ў час жывой лініі ў кантакт-цэнтры Менгарвыканкама, піша агенцтва «Минск-Новости».
Таксама там распавялі, колькі менчукоў, якія не занятыя ў эканоміцы, атрымаюць адмысловыя рахункі.
Паводле інфармацыі філіяла Адзінага разлікова-даведачнага цэнтра Менска і ЦІТ Менгарвыканкама, сёлета ў параўнанні з мінулым годам зніжаюцца сумы пратэрмінаванай запазычанасці «дзякуючы ўзмацненню захадаў, накіраваных на спагнанне запазычанасці ў прымусовым парадку».
Напрыклад, неплацельшчыкам кожны дзень тэлефануе аўтаадказчык, адключаюць электрычнасць і іншыя паслугі, складаюць дакументы для накіравання ў суд, абмяжоўваюць даўжнікам выезд за межы краіны, арыштоўваюць маёмасць, а таксама падаюць у суд пазовы аб высяленні (перасяленні, прымус) уласніка да адчужэння жылога памяшкання.
На 1 кастрычніка на абслугоўванні ў філіяле АРСЦ знаходзілася 718 443 асабовыя рахункі. Найбольшая колькасць даўжнікоў не аплачвае ЖКП да трох месяцаў - як правіла, гэта амаль 85% ад агульнай колькасці асабовых рахункаў з пратэрмінаванай запазычанасцю. Сёлета ўжо прыпынена 10 972 ЖКП.
Рашэнні адміністрацый раёнаў аб плацельшчыках ЖКП, унесеных у спісы не занятых у эканоміцы, якім праводзяцца налічэнні па эканамічна абгрунтаваных тарыфах за цэнтралізаванае гарачае водазабеспячэнне і ацяпленне, падаюцца ў філіял АРСЦ раз у квартал. На III квартал пададзеныя звесткі па 24 930 менчуках.