BE RU EN

Маск наважыў распрадаць усю сваю маёмасць дзеля каланізацыі Марса

  • 9.01.2021, 21:02

Сузаснавальнік кампаніі SpaceX мяркуе, што насельніцтва Зямлі павінна стаць «касмічнай цывілізацыяй».

Сузаснавальнік касмічнай кампаніі SpaceX і адзін з кіраўнікоў аўтамабільнай кампаніі Tesla Ілан Маск, які стаў самым багатым чалавекам у свеце, наважыў распрадаць усю сваю маёмасць дзеля засялення Марса. Пра свае планы бізнэсовец распавёў амерыканскаму выданню Business Insider (пераклад - «Гордон»).

Прадпрымальнік патлумачыў, што збіраў багацце не дзеля ўласнай матэрыяльнай выгады, а каб выдаткаваць як мага больш грошай на каланізацыю планеты. Будаўніцтва горада на іншай планеце запатрабуе значных фундаванняў. Гэта адна з прычын, якая прымушае яго распрадаваць маёмасць. Іншай прычынай з'яўляецца жаданне прадэманстраваць, наколькі рашуча ён настроены ў сваёй ідэі перасяліць людзей на Марс.

Маск мяркуе, што насельніцтва Зямлі павінна стаць «касмічнай цывілізацыяй і міжпланетным відам». Мультымільярдэр сказаў, што выдасць пазыкі тым, у каго няма грошай адправіцца на Марс, а ў будучыні і працоўныя месцы на планеце.

Са слоў Маска, у яго не застанецца практычна ніякай каштоўнай маёмасці з фінансавага пункту гледжання, акрамя акцый кампаній. Калі на працы напружаная сітуацыя, бізнэсовец аддае перавагу спаць проста на фабрыцы ці ў офісе.

Агенцтва Bloomberg ацаніла актывы Маска на $209,5 млрд. Паводле версіі часопіса Forbes Маск таксама знаходзіцца на першым месцы з багаццем $189,7 млрд.

Звесткі амерыканскай біржы Nasdaq на 8 студзеня сведчаць, што акцыі Tesla падняліся ў кошце да $880. Паводле прагнозаў аналітыкаў, у 2021 годзе кошт акцыі Tesla можа дасягнуць $1 тыс.

Ілан Маск - амерыканскі бізнэсовец і вынаходнік. Заснавальнік, суўладальнік, генеральны дырэктар і галоўны інжынер SpaceX, кампаніі - вытворцы касмічнай тэхнікі. Маск таксама з'яўляецца гендырэктарам і галоўным ідэйным натхняльнікам амерыканскага вытворцы электрамабіляў Tesla.

Апошнія навіны