BE RU EN

Прэм'ер-міністарка Фінляндыі выступіла супраць ЧС-2021 у хакеі ў Менску

  • 9.01.2021, 19:38

Санна Марын выказалася пра сітуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне.

Прэм'ер-міністарка Фінляндыі Санна Марын выказалася наконт правядзення чэмпіянату свету ў хакеі 2021 года Беларусі. Яна за тое, каб перанесці групу А чэмпіянату, якая павінна гуляць у Менску, у іншую краіну, паведамляе Еўрарадыё.

"Я мяркую, ЧС-2021 не павінен праводзіцца ў Менску. Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі вельмі сур'ёзная. Адбыліся гвалтоўныя арышты грамадзянаў, якія хацелі рэалізаваць сваё выбарчае права. Гэта вельмі сур'ёзная сітуацыя. Яна патрабуе развязання і да яе трэба ставіцца такім чынам", – сказала Марын.

"Асабіста я не стала б праводзіць там спаборніцтвы. Але гэта не пытанне ўрада Фінляндыі", – дадала прэм'ер-міністарка Фінляндыі.

Фінляндыя паслядоўна выступае за перанос чэмпіянату свету ў хакеі-2021 з Менска. Перад Новым годам у гэтым ключы выказаўся фінскі палітык Калерва Кумала, які цяпер займае пасаду віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакею:

"Паступова гуляць у Беларусі стала немагчыма. Я настойваў на гэтым ужо даўно. Першапачаткова я быў адзін, потым мяне падтрымаў датчанін. Паступова ціск стаў нарастаць. Фазэль павінен сказаць Лукашэнку праўду: чэмпіянат свету на тэрыторыі Беларусі немагчымы".

Кіраўнік ІІХФ Рэнэ Фазель у найбліжэйшы час мае намер здзейсніць паездку ў Менск, каб пагутарыць пра перанос чэмпіянату свету.

Апошнія навіны