У Сыктыўкары актывіста вызвалілі пасля адмовы падпісаць пратакол без перакладу на комі
- 28.01.2021, 21:37
Актывіста затрымалі за ўдзел у мітынгу.
У Сыктыўкары затрыманы актывіст Аляксей Іваноў адмовіўся падпісаць пратакол без перакладу на комі мову. Яго адпусцілі з аддзялення паліцыі, паведамляе дэпутат гарсавета Мікалай Ударатын, паведамляе «Новая газета».
Са слоў Ударатына, на Іванова склалі пратакол паводле артыкула аб парушэнні ўсталяванага парадку правядзення мітынгу (ч. 5 арт. 20.2 КоАП).
Ён адзначыў, што пратакол не пераклалі на комі мову, і Іваноў адмовіўся яго падпісваць.
Раней у Сыктыўкары паліцыя склала пратаколы паводле артыкула аб парушэнні ўсталяванага парадку арганізацыі альбо правядзення мітынгу (арт. 20.2 КоАП) у дачыненні да журналіста выдання «Красное знамя» Валерыя Чарніцына і галоўнага рэдактара газеты «Правда Коми» Сяргея Марохіна. Журналістаў абвінавацілі ў прысутнасці на акцыі без «адметных знакаў супрацоўнікаў СМІ».
Паліцыя таксама прыйшла ў кватэру сыктыўкарскай журналісткі Алены Салаўёвай. Яе мужа павезлі ў аддзел даваць тлумачэнні з нагоды ўдзелу ў акцыі пратэсту 23 студзеня.
Крыніца «Новой» паведаміла пра існаванне спісу са 100 чалавек, ідэнтыфікаваных на відэазапісах акцыі пратэсту ў Сыктыўкары. Раніцай 28 студзеня ў паліцыю прывезлі для дачы тлумачэнняў як мінімум пяць чалавек з гэтага спісу.