BE RU EN

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі прызнаны палітвязнем

  • 28.01.2021, 16:52

Праваабаронцы патрабуюць яго неадкладнага вызвалення.

Беларускія праваабаронцы патрабуюць неадкладнага вызвалення каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага. Ён прызнаны палітычным зняволеным. Зварот беларускіх праваабаронцаў апублікаваны на сайце ПЦ «Вясна».

Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

Менск, 2021.02.28

У сувязі з інфармацыяй аб затрыманні 22 студзеня супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС у якасці падазраванага паводле арт.13 ч.2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках») актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, яшчэ раз пацвярджаючы пазіцыю, выкладзеную ў супольнай заяве праваабарончай супольнасці ад 10 жніўня 2020 года, адзначаем наступнае:

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтая свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.

Выступы грамадзян насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і праходзілі з шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумовыя кулі і водныя гарматы. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў было атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Таксама ўважаем за неабходнае адзначыць, што дэманстрантамі не ўчыняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не ўчынялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не надавалі збройнага супраціву праваахоўным органам.

Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў выкарыстання гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад загадзя непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.

Варта адзначыць, што прадстаўнік кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі з'яўляецца прынцыповым і даўнім апанентам існага палітычнага рэжыму ў краіне.

За сваю выключна мірную апазіцыйную, публічную палітычную дзейнасць ён неаднаразова зазнаваў рэпрэсіі з боку дзейнай улады: штрафы, адміністрацыйныя арышты, збіццё, запалохванні і ціск.

Мы ацэньваем пераслед Максіма Вінярскага, які падазраецца ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках (арт.13 ч.2 артыкула 293 КК), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання што да абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі з ягонай публічнай палітычнай дзейнасцю і прызнаем яго палітычным вязнем.

У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

Неадкладна вызваліць з-пад варты палітвязня, актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага і спыніць ягоны крымінальны пераслед.

Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарны перыяд і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр «Вясна»;

РПГА «Беларускі Хельсінскі камітэт»;

Беларускі ПЭН-цэнтр;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

Простае таварыства «Ініцыятыва FORB»;

Кансультацыйны цэнтр актуальных міжнародных практык і іх імплементацыі ў праве «Хьюман Канстанта»;

РГА «Прававая ініцыятыва»;

Беларускі дакументацыйны цэнтр.

Апошнія навіны