Кітай забароніць сваім грамадзянам наведваць краіны з легальнымі казіно
- 28.01.2021, 16:13
Куды не змогуць паехаць кітайцы?
Улады Кітая пашыраюць чорны спіс пунктаў прызначэння з легальнымі азартнымі гульнямі, куды не змогуць паехаць грамадзяне КНР. У спіс уваходзяць краіны, якія мяжуюць з Кітаем, піша «Новое время».
У жніўні 2020 года ўлады Кітая анансавалі распрацоўку «чорнага спісу» пунктаў прызначэння з легальнымі азартнымі гульнямі, куды не змогуць паехаць грамадзяне КНР.
Спіс дагэтуль не апублікавалі, але на днях стала вядома, што Кітай пашырае свой блэкліст.
Ініцыятарам ідэі выступіла Міністэрства культуры і турызму Кітая, прадстаўнікі якога хочуць абмежаваць магчымасць падарожжаў сваіх грамадзян у краіны, якія прасоўваюць ігральны турызм для кітайцаў.
Мяркуецца, што ў гэты спіс увайшлі шэраг накірункаў у Паўднёва-Усходняй Азіі, уключаючы Філіпіны, Камбоджу і М'янму. Многія казіно і ігральныя ўстановы ў гэтых краінах разлічаныя менавіта на грамадзян мацерыковага Кітая, дзе забароненыя азартныя гульні.
На мінулым тыдні пасольства Кітая ў Камбоджы таксама заклікала сваіх грамадзян пазбягаць азартных гульняў і «высокааплатных пастак для вярбоўкі». А роўна год таму афіцыйны Пекін забараніў онлайн-гемблінг у краіне.
Нагадаем, адзіная легальная азартная гульня на большай частцы мацерыковага Кітая - нацыянальная латарэя. Нягледзячы на гэта, кітайскія Макаа і Ганконг уважаюцца за ключавыя гарады для ігральнага бізнэсу не толькі ў Азіі, але і ва ўсім свеце.
З дапамогай банкаў і розных фінансавых тэхнолагі ўлады КНР таксама адсочваюць пераводы наяўных сродкаў паміж Макаа/Ганконгам і мацерыковым Кітаем.