BE RU EN

Ва ўкраінскай Радзе падтрымалі забарону на імпарт электраэнэргіі з Расеі і Беларусі

  • 28.01.2021, 11:32

Адпаведная пастанова была прынятая большасцю дэпутатаў-чальцоў камітэта.

Ва ўкраінскай Радзе Камітэт у пытаннях энэргетыкі і жыллёва-камунальных паслуг падтрымаў законапраект аб забароне імпарту электраэнэргіі з Расеі і Беларусі.

Адпаведная пастанова была прынятая большасцю дэпутатаў-чальцоў камітэта на пасяджэнні камітэта 27 студзеня.

Законапраект быў зарэгістраваны першым намеснікам кіраўніка камітэта Аляксеем Кучарэнкам. Ён прадугледжвае паўнамоцтвы нацыянальнага рэгулятара НКРЭКУ абмяжоўваць імпарт электраэнэргіі з краін, якія не з'яўляюцца чальцамі Энэргазгуртавання да канца 2021 года. Гаворка ідзе пра пастаўкі расейскай электраэнэргіі наўпрост з Расеі або транзітам праз Беларусь.

Нагадаем, Украіна аднавіла імпарт электраэнэргіі з Беларусі ў студзені 2021 года. Дзякуючы пастаўкам ва Украіну Беларуская АЭС упершыню змагла выйсці на поўную магутнасць. З пачатку года было закуплена больш за 130 млн кВт гадзін.

На фоне крытыкі гэтага імпарту, міністры энэргетыкі і замежных спраў Украіны заявілі аб планах найхутчэйшага адлучэння ад энэгасістэм Расеі і Беларусі, што зробіць фізічна немагчымым імпарт электраэнэргіі з гэтых краін.

Мінулым разам - у кастрычніку 2019 - сакавіку 2020 году - імпарт электраэнэргіі з Расеі і Беларусі справакаваў самы глыбокі за гады незалежнасці крызіс на энэргарынку. Праз імпарт 95% вугальных шахт вымушана спыніліся, а дзяржаўныя энэргетычныя кампаніі атрымалі рэкордныя страты.

Апошнія навіны