BE RU EN

У Беларусі выраслі продажы алкаголю

  • 28.01.2021, 10:44

Трохі змяніліся і густы беларусаў.

Раздробны продаж алкаголю ў Беларусі ў параўнанні з 2019 годам вырас летась на 2,1%, паведамляе БелаПАН са спасылкай на звесткі Белстата.

Трохі змяніліся і густы беларусаў. Адчувальна больш сталі купляць слабаалкагольныя напоі (+21,6% да 2019 года), каньяк і брэндзі (+18,6%). Прыкметна павялічыліся продажы шампанскага і пеністых він (+7,4%), а таксама піва (4,8%).

Агульны сціплы прырост 2,1% атрымаўся шмат у чым праз гарэлку. Яе па-ранейшаму купляюць часцей за ўсё. Дзель гарэлкі ў агульным аб'ёме продажаў алкаголю склала ў 2020 годзе 45,8%, але павялічылася ў параўнанні з 2019 годам за ўсё на 0,1%.

На другім месцы ў аб'ёмах продажаў ідзе піва з дзеллю на 21,5%, на трэцім - пладовыя віны з дзеллю на 10,7%. Апошнія, дарэчы, пачалі страчваць пакупнікоў. Па выніках 2020 года продажы пладовых вінаў упалі на 2,8%.

Агульны рост продажаў алкаголю ў Беларусі экспэрты Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю звязваюць з развіццём імпартазамяшчэння і гандлёвай інфраструктуры.

Апошнія навіны