Нямеччына першай у ЕЗ пачне лячэнне COVID-19 антыцеламі, якое дапамагло Трампу
- 24.01.2021, 15:29
Гэтае лячэнне пакуль яшчэ з'яўляецца эксперыментальным.
Нямеччына стане першай краінай Еўрапейскага Звязу, якая пачне выкарыстоўваць тое ж эксперыментальнае лячэнне антыцеламі, якое дапамагло Дональду Трампу ў выздараўленні ад COVID-19.
Пра гэта заявіў міністр аховы здароўя Енс Шпан у нядзелю, паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на AFP.
Урад набыў 200 000 доз за 400 млн еўраў», - сказаў Шпан.
Так званыя монакланальныя кактэйлі з антыцеламі будуць размешчаныя ва ўніверсітэцкіх лякарнях найбліжэйшым тыднем, сказаў ён, дадаўшы, што Нямеччына стане «першай краінай у ЕЗ», якая выкарыстоўвацьме іх у барацьбе з пандэміяй.
Шпан не назваў вытворцы, які будзе пастаўляць лекі, але пацвердзіў, што гэта быў той самы прэпарат, які прымаў былы прэзідэнт ЗША Трамп, калі захварэў у кастрычніку мінулага года.
«Яны працуюць як пасіўная вакцынацыя. Увядзенне гэтых антыцелаў на ранніх стадыях можа дапамагчы пацыентам з высокай рызыкай пазбегнуць больш сур'ёзнага прагрэсу», - сказаў Шпан.
Трампу, які быў ненадоўга шпіталізаваны з каранавірусам, была прызначаная тэрапія антыцеламі, распрацаванымі амерыканскай фірмай Regeneron, вядомай як REGN-COV2, яшчэ да таго, як лячэнне атрымала адабрэнне рэгулятара.
Пазней ён сказаў, што лекі зрабілі «фантастычную працу».
Заказ Нямеччыны паступае ў момант узмацнення расчаравання ў ЕЗ праз больш павольны, чым чакалася, выпуск вакцын.
Вытворцы вакцын Pfizer/BioNTech і AstraZeneca заявілі, што даставяць у Еўропу меншую колькасць доз, чым меркавалася ў найбліжэйшай перспектыве праз праблемы вытворчасці.