BE RU EN

«Былыя дырэктары «Азоту» перавярнуліся б у труне»

  • 22.01.2021, 14:51

Звольненыя працоўныя патрабуюць аднаўлення і кампенсацыі.

Азотаўцы патрабуюць прызнаць звальненне незаконным, кампенсаваць вымушаныя пропускі і маральныя страты. Свае страты кожны ацаніў на суму ад 3000 да 10 000 рублёў. Hrodna.life сабраў фрагменты выступаў працоўных, якіх суд заслухаў на 18 студзеня.

«Майму здароўю пагражала небяспека»

Аляксей Сідар, 25 гадоў. Апаратчык цэха «Карбамід-2». Стаж працы на «Гродна Азот» – 5 гадоў

«Увечары 27 кастрычніка я адмовіўся прыняць змену праз вялікую загазаванасць [аміякам – заўв. рэд.] на працоўным месцы. Гэта пагражала майму здароўю, – заявіў апаратчык Аляксей Сідар.

Мяне адхілілі ад працы. Прыйшлі супрацоўнікі ведамаснай аховы і вывелі за прахадную. Замест ліквідацыі выцечкі на абсталяванні кіраўніцтва выклікала іншага апаратчыка. На наступны дзень мой пропуск заблакавалі. 28 кастрычніка я захварэў [і атрымаў бальнічны ліст – заўв. рэд.]. У гэты дзень мяне звольнілі без тлумачэнняў прычынаў».

АЛЯКСЕЙ СІДАР, 25 ГАДОЎ.

«Хімікаў ніколі не білі»

«Сёння судзяць тых, хто бачыў, што адбывалася на прахадной 26 кастрычніка і пацярпеў ад дзеянняў сілавікоў», – казаў Артур Богуш, апаратчык вытворчасці капралактаму.

«За шэсцьдзесят гадоў працы нашага завода ніколі не білі хімікаў, не заганялі дубінкамі на працу з крыкамі "Кармавая база, ідзіце працаваць". Нашы былыя дырэктары Салаўёў, Іваноў, Ланг перавярнуліся б у труне, калі б убачылі, як 26 кастрычніка азотаўцаў заганялі на працу».

АРТУР БОГУШ, 48 ГАДОЎ

Артур Богуш, 48 гадоў, апаратчык вытворчасці капралактаму, стаж працы 26 гадоў

Салаўёў кіраваў прадпрыемствам з 30 лістапада 1965 за 25 студзеня 1978 года. Пры ім пабудавалі цэхі аміяк-2 і карбамід-2, вытворчасць капралактаму першай чаргі, пачалося будаўніцтва цэхаў трэцяй чаргі.

ГІМН САЛАЎЁЎ

Уладзімір Іваноў кіраваў з 25 студзеня 1978 да 10 ліпеня 1992 года. У перыяд ягонага кіраўніцтва былі ўведзеныя ў працу дзейныя буйнатанажныя цэхі аміяк-3 і 4, карбамід-3 і 4, вытворчасць капралактаму другой чаргі. Вытворчыя магутнасці Азота рэзка выраслі.

УЛАДЗІМІР ІВАНОЎ

Валерый Лангоў кіраваў з 13 ліпеня 1992 года да 9 лістапада 2004 года. Пад кіраўніцтвам Лангова на прадпрыемстве ў 1993 годзе пачатая вытворчасць вадкіх азотных угнаенняў, у 1994 годзе наладжаны выпуск гідраксіламінсульфату крышталічнага. У 1996 годзе на базе выведзенага з эксплуатацыі цэха аміяк-2 арганізаваная вытворчасць метанолу.

ВАЛЕРЫЙ ЛАНГОЎ

«Я быў у адпачынку з 19 кастрычніка да 13 лістапада. Але мяне звольнілі за страты, якія нібыта я зрабіў прадпрыемству 26 кастрычніка. Я добрасумленна працаваў 26 гадоў. Калі я дрэнны спецыяліст, прагульшчык – звальняйце паводле закону. Бачыць, як б'юць калегаў, цягнуць іх у аўтазак – не магу.

Пасля падзей на прахадной я напісаў заяву пра далучэнне да страйку. Хацеў адправіць заяву дырэктару. Не паспеў дайсці да паштовага аддзялення, як у сацыяльных сетках з'явілася інфармацыя, што я ўжо звольнены. За гэты злачынны загад павінны адказаць юрысты завода. Прашу кампенсаваць маральную шкоду. Я зведаў стрэс ад таго, што адбываецца на прахадной, ад незаконнага звальнення. Мае блізкія – маці, бацька, жонка вельмі перажывалі. Чым можна вымераць іх перажыванні?» – кажа Богуш.

«Ідзі, скаціна, на працу»

Зваршчык вытворчасці капралактаму Юры Барыс, 32 гады, стаж працы на «Гродна Азот» – 7 гадоў

Зваршчык вытворчасці капралактаму Юры Барыс

«Раніцай 26 кастрычніка я ішоў на працу. Людзі ў форме зацягнулі мяне ў аўтобус, нецэнзурна лаяліся: "Ідзі, скаціна, на працу". Выпусцілі з аўтобуса і загналі на тэрыторыю прадпрыемства», – кажа зваршчык вытворчасці капралактаму Юры Барыс.

«Мяркую, што наймальнік не гарантаваў бяспеку супрацоўнікаў. Пасля гэтага беззаконня я 27-га напісаў заяву пра далучэнне да страйку. Баяўся, што на наступны дзень таксама будзе дубасіць АМАП. Палец зламаюць, а я зваршчык, працаваць не змагу. Са мной паступілі як з аднавокім кацянём, ад якога гаспадар надумаў хутчэй пазбавіцца».

«Ёсць парушэнні з боку наймальніка»

«Наймальнік парушыў калектыўную дамову і тарыфнае пагадненне, не выконваў працэдуру звальнення, не ўзяў з супрацоўнікаў тлумачэнняў, не атрымаў згоду прафзвязу на звальненне», – кажа юрыст Беларускага незалежнага прафзвязу Аляксандр Парадкаў. Ён прадстаўляе ў судзе інтарэсы звольненых азотаўцаў.

АЛЯКСАНДР ПАРАДКАЎ (СПРАВА)

Раней патрабаванне пра ўзгадненне звальнення з прафзвязам было запісанае ў калектыўнай дамове. З сакавіка гэты пункт з дакумента выключаны. Патрабаванне ўзгадняць звальненне з прафзвязам ёсць у «тарыфным пагадненні» канцэрна «Белнафтахім», у склад якога ўваходзіць «Гродна Азот».

«Усе супрацоўнікі парушылі правілы»

Прадстаўнік наймальніка, юрыст Валер Літвін, мяркуе, што паводле дзейнай на прадпрыемстве калектыўнай дамовы згоды прафзвязу на звальненне не патрабуецца. «Усе супрацоўнікі парушылі правілы ўнутранага працоўнага распарадку і былі звольненыя на законных падставах».

Каб разабрацца, ці апраўданае звальненне супрацоўнікаў без згоды прафзвязу, Аляксандр Парадкаў прапанаваў выклікаць у суд старшыняў прафкамаў «афіцыйнага» і «нeзалежнага» прафзвязаў «Гродна Азот». Наступнае пасяджэнне адбудзецца 22 студзеня.

Што адбывалася на прахадной «Гродна Азот» 26 кастрычніка

Раніцай каля прахадной сабралася блізу 200 чалавек. У 7:30 раніцы сілавікі ў балаклавах пачалі затрымліваць працаўнікоў. У аўтобусах затрыманых збівалі, у тым ліку дубінкамі. Казалі: «Што, сукі? Працаваць не хочаце?!» Усяго затрымалі больш за 50 чалавек. Многіх выпусцілі ў той самы дзень. На іх склалі пратаколы апытання і затрымання.

Пасля гэтага тэхналагічны персанал цэхаў аміяк-3 і карбамід-4 адмовіўся прымаць змену. Працаўнікі сталі далучацца да страйку. Адміністрацыя звольніла некалькі дзясяткаў працаўнікоў. Афіцыйныя фармулёўкі – за пропуск ці за прычыненне прадпрыемству шкоды.

Аспрэчваюць пастановы ў судзе 13 чалавек. Узрост звольненых ад 25 да 48 гадоў.

Наступнае паседжанне паводле пазову працоўных да адміністрацыі пройдзе ў судзе Кастрычніцкага раёна 22 студзеня.

Пасяджэнне будзе адкрытым і пачнецца 22 студзеня ў 14.40, у судзе Кастрычніцкага раёна, па адрасе вул. Дубко 9, зала 311. Прыйсці падтрымаць працоўных можа любы ахвотны. Трэба толькі ўзяць з сабой пашпарт і маску.

Апошнія навіны