«Калі вясной сітуацыя абвострыцца, Крэмль паспрабуе адхіліць Лукашэнку ад улады»
- 21.01.2021, 15:46
Масква разглядае ў тым ліку досыць жорсткія падыходы.
У Пуціна няма магчымасці чакаць адстаўкі Лукашэнкі яшчэ 5 гадоў, таму, хутчэй за ўсё, вясной Крэмль прыступіць да больш жорсткіх дзеянняў, заявіў у каментары сайту «БП» дырэктар Цэнтра стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі:
- Мне здаецца, што Крэмль па-ранейшаму будзе намагаць на правядзенні «канстытуцыйнай рэформы» і як мага больш хуткаму вываду Лукашэнкі з палітычнай сцэны Беларусі.
Гэта звязанае з тым, што ў Крамля вельмі абмежаваныя рэсурсы, каб падтрымліваць Лукашэнку, пры тым, што гэтая падтрымка не прыводзіць да стабілізацыі палітычнага становішча.
Хутчэй за ўсё, вясной мы можам убачыць новую хвалю масавых пратэстаў у Беларусі, якія з аднаго боку абумоўленыя інэрцыяй палітычнага крызісу, які ўзнік пасля прэзідэнцкіх выбараў, а з другога - пагаршэннем сацыяльна-эканамічнага становішча.
Захаванне Лукашэнкі і ягонай сацыяльна-эканамічнай мадэлі прыводзіць да сталых крызісаў і нестабільнасці, што Маскву, безумоўна, не задавальняе.
Акрамя таго, усякія крызісы на постсавецкай прасторы адкрываюць магчымасці для вонкавых гульцоў, перш за ўсё для Еўразвязу і ЗША, для ўмяшання і пашырэння ўплыву.
Пакуль Расея змагла дамагчыся ад заходніх краін нейкіх гарантый неўмяшальніцтва ў беларускіх крызіс, але як доўга гэтыя гарантыі будуць дзейнічаць - невядома.
Таму ў Крамля няма часу чакаць яшчэ 5 гадоў, да канца прэзідэнцкага тэрміну Лукашэнкі. Крэмль хацеў бы менавіта цяпер скарыстацца новай магчымасцю і ўразлівасцю кіраўніка Беларусі, каб навязаць яму параметры канстытуцыйных змяненняў у адпаведнасці са сваімі інтарэсамі.
У Крамлі мяркуюць, што ім не ўдалося прымусіць Лукашэнку да выканання сочынскіх дамоўленасцей. Таму цяпер там знаходзяцца ў пошуку новых інструментаў прымусу.
Я не выключаю, што Масква разглядае ў тым ліку досыць жорсткія падыходы.
Калі сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі ўвесну абвострыцца, то Расея будзе дзейнічаць досыць жорстка, каб канчаткова вывесці Лукашэнку з палітычнай сцэны.
Думаю, што да вясны Масква вызначыцца з новымі падыходамі, і яны, хутчэй за ўсё, стануць значна больш жорсткімі, раз метады палітыка-дыпламатычнага ўздзеяння не спрацавалі.