BE RU EN

«Бык раз'юшаны, але ім кіруе матадор»: Ігар Лосік не саступае рэжыму

  • 21.01.2021, 15:35

Галадоўка палітвязня набывае ўсё большы рэзананс.

Ігар Лосік цяпер блізкі да таго, каб стаць для пратэсту новым Раманам Бандарэнкам, толькі ў квадраце. Раман загінуў выпадкова, Ігар ідзе на смерць мэтанакіравана. Раман абараняў сімвалы, Ігар абараняе права бачыць сям'ю, піша тэлеграм-канал «Рефлексия и реакция».

Пастаноўка мэты галадоўкі выглядае амбіцыйна і некалькі наіўна з боку. Прагнуць пад сябе нязломны рэжым? Але гэта так выглядае з волі. Мы не ведаем, што там трываў Ігар, магчыма ў моманце ён крыху змяніў стаўленне да каштоўнасці свайго жыцця і з ягонай пазіцыі рэчаіснасць выглядае па-іншаму.

Але паставіўшы на кон жыццё, Ігар зрабіў уладзе яшчэ адну непрыемную рэч. Ці атрымаць чарговую сакральную ахвяру з усімі вынікаючымі (што таксама памнажае на нуль вонкавы іміджавы эфект ад наступнага вызвалення статусных людзей), або саступіць, што, зрэшты, можна абыграць як міласэрнасць, пры наяўнасці палітычнай волі. Ёсць варыянты з прымусовым кармленнем, але там таксама маса нюансаў, якія ставяць жыццё чалавека на мяжу.

На полі карыды бык моцны і раз'юшаны, але яго дзеянні заўсёды прадказальныя. Ён апантана рэагуе на чырвоную анучу. Матадор на яго фоне слабы і ніколі не атакуе у лоб. Але ён кіруе працэсам.

Той, чыя рэакцыя заўсёды аднолькавая і прадказальная, не можа кіраваць працэсамі. Рана ці позна яго заганяюць у пастку. Прыклад Ігара паказвае, што пры наяўнасці волі спрабаваць кіраваць можна нават у турме. Праўда, коштам уласнага жыцця.

Тым часам

Два святары Беларускай праваслаўнай царквы падалі ў галоўную следчую ўправу цэнтральнага апарата Следчага камітэта хадайніцтвы аб асабістай паруцы ў дачыненні да галадаючага палітвязня Ігара Лосіка. Гэтую інфармацыю БелаПАН пацвердзіў адвакат блогера Дзмітрый Лепрэтар.

Святары матывавалі свой крок спробай дапамагчы Лосіку захаваць жыццё.

Адзін з даручальнікаў іерэй Аляксандр Кухта на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» адзначыў, што ніколі не быў падпісчыкам тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу», стваральнікам якога з'яўляецца Лосік, не чытаў яго, але ведае аб выстаўленні Ігару сур'ёзнага абвінавачванні і распачынанні крымінальнай справы.

«Ці вінаваты Ігар? Вызначыць суд. Але сам ён кажа, што справа сфабрыкаваная, і гэта палітычны працэс. А яшчэ Ігар пачаў галадоўку (піць ваду, чай і вітаміны можна. Усё астатняе нельга), якую трымае ўжо 36 дзён. Ён патрабуе вызваліць яго з-пад варты, - піша святар. - З іншага боку (наколькі я разумею), дзяржава таксама пайшла на прынцып і (пакуль што) ігнаруе ўсе патрабаванні Ігара. Складана сказаць, чым скончыцца гэтая гісторыя, але ёсць імавернасць, што чалавек памрэ».

Кухта падкрэсліў, што не ўважае выбар Лосіка за правільны, бо ў выніку ягоная сям'я можа застацца «без роднага чалавека», аднак можа ўзяць на сябе «крыху адказнасці за жыццё чалавека».

«Я НЕ хачу, каб па дурасці памёр чалавек, а ягоная сям'я засталася без карміцеля. Таму сёння я падаў у Следчы камітэт хадайніцтва аб тым, каб мяне прызналі яго паручыцелем. Калі гэты план спрацуе, то Ігар паедзе дадому і пачне есці. А далей я ўскладаю надзеі на Бога», - заявіў святар.

Ён запрасіў далучыцца да ягонага хадайніцтва і іншых святароў.

Стваральнік тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу» Ігар Лосік знаходзіцца пад вартай з 25 чэрвеня 2020 года і прызнаны палітвязнем. Першапачаткова ён быў абвінавачаным на падставе ч.1 арт.342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак).

15 снежня стала вядома, што Лосіку выстаўленае новае абвінавачанне - на падставе арт.13 і ч.2 арт.293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу» выказаў меркаванне, што гэта зроблена «з мэтай пакінуць Ігара пад вартай, бо 25 снежня мінаў гранічны тэрмін ягонага ўтрымання паводле папярэдняга абвінавачвання».

Лосік віну не прызнае і адрэагаваў на новае абвінавачванне бестэрміновай галадоўкай да зняцця ўсіх абвінавачванняў ці змянення яму меры стрымання. Разам з ім у той жа дзень пра бестэрміновую галадоўку абвясціла ягоная жонка, аднак 21 снежня паведаміла, што праз ціск на сям'ю вымушана галадоўку спыніць.

25 снежня стала вядома, што Лосіку прадоўжылі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на тры месяцы.

19 студзеня Дзмітрый Лепрэтар паведаміў, што стан здароўя Лосіка пагоршыўся: «Ён адчувае слабасць, артэрыяльны ціск цягам дня вельмі нестабільны».

Са слоў адваката, нягледзячы на дрэннае самаадчуванне, Лосік заяўляе, што «будзе галадаць далей».

Апошнія навіны