BE RU EN

Літва заклікае ЕЗ увесці санкцыі ў дачыненні да РФ праз затрыманне Навальнага

  • 18.01.2021, 16:20

Пастанова Расеі затрымаць палітыка разыходзіцца з прынцыпамі цывілізаванай прававой дзяржавы.

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што Еўразвязу (ЕЗ) варта разгледзець увядзенне санкцый у дачыненні да Расеі праз затрыманне крытыка Крамля Аляксея Навальнага ў маскоўскім аэрапорце пасля ягонага прылёту з Нямеччыны, піша delfi.lt.

«Літва неадкладна падыме пытанне аб магчымым адказе ЕЗ і новых санкцыях для Расеі праз затрыманне і пераслед Навальнага», - сказаў міністр для прэс-рэлізу.

Ён таксама апублікаваў супольную заяву з латвійскім і эстонскім калегамі, у якой змяшчаецца заклік да ЕЗ «разгледзець увядзенне абмежавальных захадаў».

У распаўсюджаным МЗС Літвы паведамленні падкрэсліваецца, што пастанова Расеі затрымаць А. Навальнага разыходзіцца з прынцыпамі цывілізаванай прававой дзяржавы і замацаванымі Радай Еўропы прынцыпамі правоў чалавека.

«Міністэрства расцэньвае гэтыя дзеянні расейскай правааховы як частку ініцыяванай афіцыйнай Масквой кампаніі пераследу і знішчэння А. Навальнага. Відавочна, што, адважыўшыся кінуць выклік уладам, А. Навальны дапусціў яшчэ адну недаравальную ў разуменні Масквы памылку - застаўся жывы і нават больш - абвясціў, што на яго адбыўся замах», - гаворыцца ў паведамленні МЗС.

Арышт А. Навальнага асудзілі таксама прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэм'ер Інгрыда Шыманітэ.

«Жудасны арышт лідара расейскай апазіцыі А. Навальнага адразу ж пасля ягонага вяртання дадому - гэта проста яшчэ адзін з довадаў намаганняў Крамля злоўжыць правамі чалавека і дэмакратычнымі свабодамі. Заходнія дэмакратыі не павінны гэтаму патураць», - напісаў Г. Наўседа ў сваім твітэры.

«Калі ў кагосьці яшчэ былі ілюзіі пра здаровы розум Крамля, яны павінны былі знікнуць цяпер, калі ўвесь свет назірае за трансляцыяй з «Шарамеццева», - напісала ў твітэры І. Шыманітэ.

Расейская турэмная структура паведаміла, што А. Навальны быў затрыманы ў маскоўскім аэрапорце «Шарамеццева», бо парушыў умовы прызначанага яму ўмоўнага пакарання паводле справы аб махлярстве ў 2014 годзе.

Апошнія навіны