BE RU EN

Маці Рамана Бандарэнкі звярнулася да IIHF і Фазэля

  • 18.01.2021, 15:48

Крымінальная справа аб факце смерці яе сына дагэтуль не распачатая.

Алена Бандарэнка, маці Рамана Бандарэнкі, звярнулася да дысцыплінарнага камітэта Міжнароднай федэрацыі хакея. Відэазварот надрукаваны «Трибуной».

«Прайшло ўжо 64 дні з моманту, як не стала майго адзінага сына Бандарэнкі Рамана. 64 дні ігнаравання, маўчання, сачэння, запалохвання, зліву асабістай інфармацыі і тэлефонных размоў у сродках масавай інфармацыі», - кажа Алена.

Маці Рамана нагадвае, што крымінальная справа аб факце смерці дагэтуль не распачатая і яна не можа азнаёміцца з вынікамі праверкі.

«За гэты час праведзеныя шматлікія апытанні сведак, якія скралі і збілі да смерці майго сына проста на дзіцячай пляцоўцы. Я ведаю, што ёсць шматлікія пратаколы апытання, відэазапісы і шмат іншых довадаў. Але на гэты момант я ўжо не ўпэўненая, што падазраваныя ў справе майго сына з'явяцца, хоць справа ўзятая пад асабісты кантроль Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі», - кажа маці Рамана.

Алена кажа, што раней была ўпэўненая, што злачынства будзе раскрытае па гарачых слядах.

Яна пракаментавала заяву аргкамітэту для правядзення чэмпіянату свету ў хакеі-2021, апублікаванае пасля візіту кіраўніка IIHF Рэнэ Фазэля ў Менск. У ім беларускі бок выказвае гатоўнасць арганізаваць сустрэчу з прадстаўнікамі дысцыплінарнага камітэта IIHF, каб азнаёміць іх з вынікамі праверкі.

«Я звяртаюся ў дысцыплінарны камітэт Міжнароднай федэрацыі хакея і асабіста да Рэнэ Фазэля з просьбай запрасіць мяне і майго адваката Аленскую Інэсу Вітальеўну на сустрэчу з генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь. Адзіная мэта, якую я пераследую як маці, якая страціла адзінага сына, - гэта атрымаць інфармацыю і перш за ўсё азнаёміцца з вынікамі судова-медыцынскай экспэртызы, як мне раней і абяцалі на сустрэчы ў Генеральнай пракуратуры 17 лістапада 2020 года», - сказала Алена.

Апошнія навіны