У Гародні пачалі судзіць трох чалавек паводле «справы Ціханоўскага»
- 18.01.2021, 12:56
На суд на знак салідарнасці прыйшлі больш за 50 чалавек.
Трох жыхароў Гародні, Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу пачалі судзіць у судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 18 студзеня. Іх абвінавачваюць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак; Разнічэнку і Кнігу таксама ў гвалце з міліцыянтаў, піша сайт «Радыё Свабода».
У няволі больш за паўгода
Усіх траіх затрымалі неўзабаве пасля пікету 29 траўня ў Гародні, калі схапілі Сяргея Ціханоўскага. Яны за кратамі больш за паўгода. Доўгі час яны сядзелі на «Валадарцы», перад судом іх перавялі ў Гарадзенскі СІЗА.
Дзмітрыю Фурманаву 35 гадоў. Гэта той мужчына, якога невядомыя схапілі з-за стала разам з крэслам, калі ён збіраў подпісы за Святлану Ціханоўскую ў Гародні летась 29 траўня.
Яго прызналі палітвязнем. Яго маці і дзяўчына ў мінулым годзе галадалі пад сценамі «Валадаркі» для вызвалення Змітра (5 і 10 дзён адпаведна). Пазней яго дзяўчына Вольга Каракіна з'ехала ад пераследу за мяжу. Фурманаў раней працаваў інжынерам у дзяржаўнай арганізацыі, потым вывучыўся на праграміста, шукаў працу.
Яўгену Разнічэнку 36 гадоў. Гэта ён паклаў міліцыянта Уладзіміра Казлоўскага, які нібыта пацярпеў падчас пікету ў Гародні 29 траўня, на зямлю, пасля чаго затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Яўгена затрымалі дома раніцай 30 чэрвеня.
Яго не прызналі палітвязнем. У лістах ён просіць, каб яму дасылалі ў турму мазь ад псарыязу і дапамагалі ягонай сям'і. Ён разведзены, ягоная маці і сястра жывуць у Гарадзенскай вобласці. Раней Разнічэнка працаваў будаўніком у Расеі.
Уладзіміру Кнігу 39 гадоў. Яго затрымалі падчас пікету Ціханоўскай ў Гародні 4 чэрвеня. Яго не прызналі палітвязнем. Ён быў валанцёрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Раней служыў у АМАПе. У 2012 годзе яго асудзілі за перавышэнне ўлады. На сёння тая судзімасць спагнаная. Ён жанаты, мае дваіх непаўналетніх дзяцей. У апошні час працаваў кіроўцам смеццявоза.
На суд прыйшло больш за 50 чалавек. У малую залу пусцілі блізу паловы ахвотных.
Пацярпелых чацвёра: міліцыянты Уладзімір Казлоўскі, Аляксандр Хваленя, Рахунак і Буднік. Апошнія два на пасяджэнне не прыйшлі.
Справу разглядае суддзя Бекушава.