BE RU EN

Самалёт з Навальным прызямліўся ў Шарамеццеве

  • 17.01.2021, 20:25

Лайнер павінен быў сесці ва Унукаве.

Самалёт з Берліна з расейскім апазіцыянерам Аляксеем Навальным, паводле звестак flightradar, сеў у аэрапорце Шарамеццева 17 студзеня.

Самалёт, які павінен быў прызямліцца ва Унукаве, накіравалі ў іншы аэрапорт.

У аэрапорце затрымалі прыхільнікаў Навальнага. Супрацоўнікі АМАП пачалі выціскаць на вуліцу людзей, якія сабраліся ля рамак на ўваходзе ў аэрапорт Унукава.

13 студзеня Навальны заявіў, што адчувае сябе амаль здаровым, а таму гатовы вяртацца ў Маскву і ўжо набыў квіткі на рэйс кампаніі "Перамога". У той самы дзень стала вядома, што з 29 снежня 2020 года ён знаходзіцца ў федэральным вышуку ў Расеі. Федэральная служба выканання пакаранняў РФ заявіла, што "распачне ўсе дзеянні" пасля затрымання апазіцыянера. СМІ забаранілі здымаць прылёт Навальнага ва Унукаве. Ён ужо сеў на борт самалёта. Згодна з онлайн-табло аэрапорта, лайнер, на якім прыляціць апазіцыянер, прызямліцца ў Маскве ў 18.40 паводле кіеўскага часу.

Навальны са жніўня 2020 года праходзіў лекаванне і рэабілітацыю ў Нямеччыне. Самалёт, на якім ён ляцеў з Томска ў Маскву, экстранна сеў у Омску 20 жніўня праз пагаршэнне стану палітыка. Навальны спачатку знаходзіўся ў шпіталі ў Омску, а 22 жніўня яго даставілі ў берлінскую клініку "Шарытэ".

Нямецкі ўрад 2 верасня паведаміў, што ў арганізме Навальнага знайшлі сляды рэчыва, падобнага складам на "Навічок". Біялагічны матэрыял, адабраны ў палітыка, даследавала спецыяльная лабараторыя ўзброеных сілаў Нямеччыны. Факт атручвання Навальнага атрутай тыпу "Навічок" пацвердзілі таксама лабараторыі ў Францыі і Швэцыі.

Навальны быў у коме 18 дзён. 22 верасня палітыка выпісалі з клінікі.

30 кастрычніка адвакаты Навальнага звярнуліся ў ЕСПЧ праз адмову расейскіх следчых пачынаць крымінальную справу праз атручванне палітыка. Адвакатка Навальнага Вольга Міхайлава расказала, што скарга была пададзеная ў ЕСПЧ 21 жніўня. Пазней юрысты ўнеслі ў яе дапаўненні.

Паводле словаў Міхайлавай, адвакаты патрабавалі, каб суд прызнаў парушэнне з боку Расеі арт. 2 Еўрапейскай канвенцыі ў правах чалавека (права на жыццё).

14 снежня было апублікаванае расследаванне Bellingcat, The Insider, CNN і Der Spiegel, у якім паведамлялася, што Навальнага атруціла група супрацоўнікаў ФСБ. Паводле звестак следчых, гэта была другая за два месяцы спроба атручвання – пры першай, у ліпені 2020-га, пацярпела жонка апазіцыянера Юлія. Палітык сказаў, што ведае імёны атрутнікаў. Апазіцыянер падкрэсліў, што ўважае замах на сябе тэрарыстычным актам, арганізаваным ФСБ на загад прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.

Апошнія навіны