BE RU EN

Культавую беларускую перакладчыцу затрымалі ў рамках крымінальнай справы

  • 16.01.2021, 15:33

Вольга Калацкая перакладала на беларускую мову «Гладыятара» і «Шрэка».

Перакладчыца і выкладчыца Вольга Калацкая была затрыманая ўчора, 15 студзеня. Яна паспела паведаміць на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку», што яе затрымалі і павезлі «на размову» ў Фрунзенскае РУУС Менска.

Сёння, 16 студзеня, адвакату Вольгі паведамілі, што яна затрыманая Следчым камітэтам у межах крымінальнай справы паводле артыкула «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Пра гэта яе адвакату паведамілі сёння ў Фрунзенскім РАУС. Але пакуль невядома, якая частка гэтага артыкула ёй інкрымінуецца і ў якім менавіта статусе знаходзіцца Калацкая. Сёння яе павезлі на следчыя дзеянні. Вольга Калацкая жыве са сваёй 89-гадовай мамай, якой неабходны догляд.

Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Вольга Калацкая нарадзілася ў Менску. Скончыла Менскі інстытут замежных моў. Выкладала ангельскую мову і пераклад у Лінгвістычным універсітэце (1993-2001), а таксама мастацкі пераклад на аддзяленні філасофіі і літаратуры Беларускага калегіума (1999-2008).

Перакладала на беларускую мову творы Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Уільямса, Уільяма Голдзінга, Пола Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна і іншых. Пераклады друкаваліся ў часопісах «Крыніца», «Дзеяслоў» і ARCHE.

Таксама яна (разам з Ілонай Урабновіч і Зміцерам Саўкам) перакладала на беларускую мову фільмы і мультфільмы, у тым ліку «Гладыятара», «Шрэка», «Шрэка-2» і іншыя.

Апошнія навіны