Памёр кіраўнік групы Ротшыльдаў
- 16.01.2021, 15:19
Барону Бэнджаміну дэ Ротшыльду было 57 гадоў.
Французскі банкір барон Бэнджамін дэ Ротшыльд, які ўзначальваў групу Эдмана дэ Ротшыльда, памёр у Швайцарыі ва ўзросце 57 гадоў.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні сям'і, піша Le Parisien.
«Арыян дэ Ротшыльд і яе дочкі з вялікім сумам паведамляюць пра смерць мужа і бацькі Бэнджаміна дэ Ротшыльда», - цытуе агенцтва заяву сям'і, у якой тлумачыцца, што прычынай смерці банкіра стаў сардэчны прыступ. Ён памёр 15 студзеня ў сваім памесці ў швайцарскай Прэньі.
Дэ Ротшыльд нарадзіўся ў 1963 году ў французскім Нёі-сюр-Сене ў сям'і Эдмана дэ Ротшыльда, чальца французскай галіны фінансавай дынастыі Ротшыльдаў. Бэнджамін з 1997 года быў старшынём рады дырэктараў Edmond de Rothschild Holding, якая кіруе групай Edmond de Rothschild і спецыялізуецца на прыватных банкаўскіх паслугах і кіраванні актывамі. Паводле звестак AFP, кошт актываў групы складае блізу €160 млрд.