BE RU EN

Кіраўнік дыпмісіі ЗША высунуў жорсткія патрабаванні МЗС Беларусі

  • 16.01.2021, 13:27

Вызваленне ўсіх палітвязняў мае крытычна важнае значэнне для будучых стасункаў паміж краінамі.

Злучаныя Штаты Амерыкі заклапочаныя сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, заявіў павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джэфры Джук на сустрэчы з намеснікам міністра замежных справаў Сяргеем Алейнікам, паведамляе прэс-служба амерыканскай дыпмісіі.

«Падчас гутаркі бакі абмеркавалі стан двухбаковых стасункаў і заклапочанасць ЗША сітуацыяй з правамі чалавека Беларусі, – гаворыцца ў паведамленні. – Сярод іншага, павераны Джук падкрэсліў неабходнасць вызвалення былога намесніка дырэктара агенцтва БелаПАН Андрэя Аляксандрава і ўсіх іншых палітычных зняволеных, паколькі гэтае пытанне мае крытычна важнае значэнне для будучыні двухбаковых стасункаў Беларусі і ЗША».

МЗС Беларусі, паведамляючы пра гэтую сустрэчу, адзначыла толькі, што бакі «абмеркавалі актуальны стан беларуска-амерыканскіх стасункаў».

Андрэй Аляксандраў быў затрыманы 12 студзеня як падазраваны паводле справы, распачатай паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

14 студзеня ў офісе БелаПАН, дзе Аляксандраў у 2014–2018 гадах працаваў намеснікам дырэктара, прайшоў ператрус. Канфіскаваная частка тэхнікі і носьбітаў інфармацыі. У пастанове на ператрус таксама фігураваў арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

15 студзеня ў дачыненні да журналіста быў абраны захад стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту на два месяцы

З заявамі з нагоды затрымання Аляксандрава і прадаўжэння пераследу беларускіх незалежных СМІ 15 студзеня выступіла Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ).

«Арышт [журналіста] Андрэя Аляксандрава на гэтым тыдні і ўчорашні рэйд на інфармацыйнае агенцтва БелаПАН у пошуках сумнеўных апраўданняў ягонага арышту з'яўляюцца яшчэ адным сведчаннем таго, што ўлады па-ранейшаму схільныя маніпуляваць законам у сваіх палітычных мэтах, – падкрэсліваецца ў заяве амбасады ЗША. – Мы зноў заклікаем улады Беларусі да абароны і забеспячэння асноўных свабодаў, у першую чаргу свабоды сходаў, слова і друку. Беларускі народ заслугоўвае лепшай будучыні».

Апошнія навіны