Рэнэ Фазэль: Мы далі зразумець, што ЧС у хакеі ў Беларусі немагчымы
- 15.01.2021, 17:52
Новая заява кіраўніка ІІХФ.
Кіраўнік ІІХФ Рэнэ Фазэль падзяліўся ўражаннямі пра размову з Лукашэнкам, паведамляе Watson (пераклад - «Трибуна»).
- Вы ўсведамлялі, наколькі далікатнай можа быць сустрэча твар у твар з Лукашэнкам, гнаным на міжнароднай арэне? Чаму вы пайшлі на такую рызыку?
- Пры падрыхтоўцы да візіту беларускі пасол даў нам зразумець, што Лукашэнка прымае вельмі мала людзей, і што я адзін з іх. Ён таксама ўказаў, што мы павінны абмеркаваць усе важныя пытанні. Я ўбачыў магчымасць ператварыць гэты чэмпіянат свету ў чэмпіянат свету прымірэння, стымуляваць з дапамогай ЧС дыялог з апазіцыяй, якога цяпер, відавочна, не існуе.
- Вы не пераацэньвае свае магчымасці? Хіба гэта не небяспечная спроба ўдзельнічаць у палітыцы праз спорт?
- Мы ведалі, што шанец нешта змяніць складае, можа быць, адзін адсотак. Але калі гэты маленькі шанец ёсць, то паспрабаваць варта.
- Якімі былі тэмы размовы з Лукашэнкам?
- Мы [з генсекам ІІХФ Хорстам Ліхтнерам] далі зразумець, што чэмпіянат свету ў хакеі немагчымы без змены палітычнай сітуацыі ў краіне.
- Ці выставілі вы патрабаванні?
- Не. Мы не можам выстаўляць палітычных патрабаванняў. Мы перадалі паведамленне аб тым, што з правядзеннем чэмпіянату свету ў цяперашняй палітычнай сітуацыі мы маем праблемы на Захадзе.