BE RU EN

Беларусы, якія з'ехалі на заробкі, пералічылі мінімальную за 14 гадоў суму на радзіму

  • 28.09.2020, 14:31

Меншая была толькі ў 2006 годзе.

Як паведамляе «Заўтра тваёй краіны», беларусы, якія працуюць у Расеі, пералічылі мінімальную суму на радзіму. Меншая сума ў гісторыі назіранняў Цэнтрабанка Расеі, які апублікаваў гэтыя звесткі, зафіксаваная толькі ў другім квартале 2006 года.

Паводле статыстыкі галоўнай грашова-крэдытнай установы Расеі, у другім квартале 2020 года ў рамках так званых трансгранічных безгатоўкавых пералічэнняў фізічныя асобы-нерэзідэнты Расеі адправілі ў Беларусь 8,59 млн даляраў.

У параўнанні з першым кварталам гэтага года, сума агульнага квартальнага пераводу паменшылася амаль на 2,3 млн даляраў (у студзені – сакавіку было пералічана 10,884 млн даляраў), а ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года – амаль у два разы (17,121 млн даляраў). Больш за тое, гэта самы нізкі паказнік, пачынаючы з 2007 года. Меншы ён быў толькі ў 2006 годзе (6,5 млн даляраў), з якога, уласна, Цэнтрабанк Расеі публікуе інфармацыю пра трансгранічныя пералічэнні нерэзідэнтаў.

Аб'ёмы пералічэнняў расейскімі нерэзідэнтамі ў цэлым зменшыліся ў другім квартале, які захапіў перыяд абвешчанага ўладамі антыкавіднага карантыну. Калі ў студзені – сакавіку 2020 года гэтая сума складала 1 553,208 млн даляраў, то ў красавіку – чэрвені гэтага года ўжо 1 386,908 млн даляраў. У параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года (2 216,062 млн даляраў), пераводы гастарбайтараў і экспатаў скараціліся на больш чым 800 млн даляраў.

Напрыклад, у Таджыкістан, які з'яўляецца другім у значэнні іх атрымальнікам, прыйшло менш на 50 млн даляраў (уся сума ў другім квартале – 154, 903 млн даляраў). У Швэйцарыю пералічэнні зменшыліся амаль у 2 разы (да 38,676 млн даляраў). З іншага боку пераводы ва Узбекістан, які традыцыйна лідзіруе ў аб'ёме атрыманых з Расеі сродкаў, выраслі амаль на 90 млн даляраў і склалі 511 341 млн даляраў.

Апошнія навіны