Створаная ўнікальная ДНК-вакцына супраць каранавіруса
- 24.09.2020, 19:33
Медыкі з Аўстраліі і Сінгапура паспяхова выпрабавалі яе на жывёлах.
Група навукоўцаў з Аўстраліі і Сінгапура паспяхова правяла выпрабаванні на жывёлах новай вакцыны ад каранавіруса, у аснове якой ляжаць генна-інжынерныя тэхналогіі, здольныя адаптаваць вакцыну ў залежнасці ад мутацыі віруса, паведамляе healthinfo.ua.
Вядома, што праект Clec9A-RBD ствараецца на аснове ДНК-вакцыны, якая пасля ўвядзення ў клетку забяспечвае выпрацоўку бялкоў патагенаў або антыгенаў, выклікаючы імунны адказ. Антыцелы, якія выкарыстоўваліся ў працы, раней ужо ўжываліся ў вакцынах ад анкалагічных захворванняў, а таксама грыпу.
Экспэрты канстатуюць: ДНК-вакцына эфектыўна стымулюе працу імуннай сістэмы, што робіць яе прыдатнай для пажылых людзей, у якіх бывае саслаблены імунны адказ. Таксама, заяўляюць навукоўцы, падобныя да гэтай вакцыны генна-інжынерныя прэпараты можна лёгка відазмяняць у залежнасці ад мутацыі віруса. Спецыялісты плануюць пачаць клінічныя выпрабаванні вакцыны налета.