BE RU EN

Страйкам «Беларуськалія» звярнуўся да ўсіх працоўных Беларусі

  • 24.09.2020, 9:19

Страйкам «Беларуськалія» заклікаў да агульнанацыянальнага бестэрміновага страйку.

Страйкам ААТ «Беларуськалія» звярнуўся да ўсіх працоўных Беларусі.

«Сёння дыктатар таемна каранаваў самога сябе, - гаворыцца ў заяве. - Тым самым ён нахабна і цынічна прабіў апошняе дно рэшткаў законнасці ў нашай краіне. Цяпер ён проста палітычны труп, але яшчэ моцна трымаецца ссінелымі пальцамі за ўладу. Таму нам трэба яго даціснуць і зрабіць гэта як мага хутчэй.

Для гэтага мы, пачынаючы з 00:00 24 верасня 2020 года, заклікаем усіх далучыцца да агульнанацыянальнага бестэрміновага страйку да поўнай і безумоўнай капітуляцыі злачыннага рэжыму Лукашэнкі.

Для гэтага не трэба ніякіх дазволаў і ўзгадненняў, бо закон у Беларусі перастаў існаваць. Хацелася б нагадаць, што ў 1968 годзе амаль 10-мільённы страйк прывёў да адстаўкі Шарля дэ Голя.

Акт грамадзянскага непадпарадкавання ў выглядзе адмовы ад працы з палітычных матываў - адзін з самых дзейсных інструментаў негвалтоўнага супраціву. Таму не выходзім на працу да поўнай перамогі!

Так, магчыма, для гэтага спатрэбіцца некалькі месяцаў і давядзецца тужэй зацягнуць паясы, але наша агульная мэта гэтага варта. Свет не без добрых людзей, ды і не нам, беларусам, звыкаць партызаніць. Таму спыняем фабрыкі, заводы, прадпрыемствы і фірмы да таго часу, пакуль не адправім лукашызм на сметнік гісторыі.

Мы адмаўляемся карміць хунту. Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго».

Апошнія навіны