BE RU EN

Алесь Бяляцкі: Такой «інаўгурацыяй» Лукашэнка спыняе свае паўнамоцтвы

  • 23.09.2020, 14:05

«Цырымонія» паказала слабасць узурпатара і выкліча новую хвалю пратэстаў.

Алесь Бяляцкі, старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна», пракаментаваў «Радыё Свабода» цырымонію ў Палацы Незалежнасці:

– Людзі не ўспрымаюць гэта як рэальную інаўгурацыю. Але па-іншаму ён, напэўна, зрабіць не мог. Калі б інаўгурацыя была абвешчаная загадзя, тут бы ўжо стаялі 200 тысячаў дэманстрантаў, пад ягоным палацам. Трэба было альбо праводзіць таемна, альбо пры велізарнай дэманстрацыі, якая не маўчала б.

Таму і пайшлі на такі варыянт, варты жалю. Ён жалю варты, ён чапляецца за гэтую ўладу, робіць выгляд, што там, за сценамі ягонага палаца, нічога не адбываецца. Таму гэта чарговы паказнік слабасці Лукашэнкі.

Такой інаўгурацыяй ён спыняе свае прэзідэнцкія паўнамоцтвы. Таму што ён становіцца нелегітымным прэзідэнтам. Такая інаўгурацыя выкліча яшчэ большыя масавыя пратэсты супраць такіх дзеянняў.

Большасць беларусаў не ўважае яго прэзідэнтам, а ўважае чалавекам, які скраў гэтую ўладу, таму ніякім чынам гэтая інаўгурацыя не паспрыяе яму. Толькі робіць легітымным у вачах ваеннай хунты, на якую ён абапіраецца, і ў вачах сваіх найбліжэйшых хаўруснікаў, перш за ўсё Расеі і Венесуэлы. Наш грамадска-палітычны крызіс, які пачаўся падчас прэзідэнцкай кампаніі, выходзіць на іншы ўзровень.

Апошнія навіны