BE RU EN

Футбольны трэнер Алег Дулуб заклікаў да новых выбараў у Беларусі

  • 23.09.2020, 12:20

З патрабаваннямі да ўлады выступілі ўжо больш за 600 спартоўцаў.

Беларускі трэнер Алег Дулуб, які ўзначальваў БАТЭ, «Дынама Мінск», моладзевую каманду Беларусі ў футболе да 19 гадоў, падпісаў петыцыю супраць гвалту і за сумленныя выбары, паведамляе «Трыбуна».

Нагадаем, спартыўная грамадскасць выступіла з патрабаваннямі да ўлады:

1. Прызнаць выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 9 жніўня 2020 года несапраўднымі з прычыны шматлікіх фактаў фальсіфікацый і ціску на выбарчыя камісіі. Патрабуем правесці паўторныя выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з усімі міжнароднымі стандартамі, а таксама адстаўку дзейнага складу ЦВК з прыцягненнем да прадугледжанай заканадаўствам адказнасці.

2. Вызваліць усіх грамадзян, затрыманых падчас дэманстрацый, якія не маюць дачынення да супрацьпраўнай дзейнасці.

3. Вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных.

4. Спыніць супрацьпраўную дзейнасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў і правесці праверкі законнасці іх дзеянняў пачынаючы з моманту збору подпісаў для вылучэння ў кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

5. Выявіць і пакараць вінаватых у збіцці і зверскіх здзеках з грамадзян, затрыманых падчас мірных дэманстрацый. Кіраўнікі сілавых структур, адказных за гвалт, павінны падаць у адстаўку.

6. Надаць паўнавартасную медыцынскую, псіхалагічную, прававую і матэрыяльную дапамогу ўсім пацярпелым ад неправамерных дзеянняў прадстаўнікоў сілавых структур.

Подпісы пад заявай паставілі больш за 600 чалавек.

Апошнія навіны