BE RU EN

На маршы ў Менску карнікі затрымалі Аляксандру Гушчу, спадарыню без кісцяў рук

  • 22.09.2020, 11:07

Гісторыя аднаўлення пасля пажару Аляксандры ў свой час уразіла беларусаў.

Аляксандра Гушча была практычна на ўсіх жаночых маршах беларускай рэвалюцыі. На акцыі яна прыходзіць у нязвыклых для абывацеля строях. Уся рэч у тым, што дзяўчына захапляецца японскай культурай. Сукенка, якая была на ёй у суботу, - гэта «нестандартны стыль японскай вулічнай моды, прыдуманы ў Токіё ў 1990-я», піша tut.by.

Аляксандра Гушча - гэта тая самая Саша, якая ў 11 месяцаў пацярпела падчас пажару. Ейная гісторыя аб'яднала многіх людзей, грошы ёй на лячэнне збіралі ўсім светам. Пасля трагедыі родным дзяўчынкі паведамілі: імавернасць таго, што іх дачка выжыве, - 3 адсоткі, але Саша здолела. Ёй зрабілі 39 аперацый, цяпер ёй 33 гады. У Сашы няма пальцаў на кісцях, але яна - старшы тэхнічны пісьменнік у буйной IT-кампаніі. Працуе з дакументацыяй на ангельскай мове.

- На маршы я стараюся адзявацца так, каб дамінавалі чырвоныя і белыя колеры, - распавядае Саша. - Сукенка, у якой я была ў суботу, японскага брэнда. Яна выпушчаная ў 2010 годзе. Можна сказаць, эксклюзіўная, таму я рада, што пры затрыманні яна не памялася, і не парвалася.

У той вечар (субота 19 верасня - рэд.) Сашу затрымалі ўпершыню. У счэпцы яна апынулася побач з блізкай сяброўкай. Прыяцельку ўдарылі па галаве. Убачыўшы гэта, Аляксандра пачала крычаць, адбівацца і, мабыць, зачапіла кагосьці з сілавікоў.

- У адказ мяне некалькі разоў стукнулі па назе і вырвалі са счэпкі, - вяртаецца да тых падзей суразмоўца. - У гэты момант жанчыне, якая знаходзілася непадалёк, стала дрэнна, яна ўпала. Інстынктыўна я хацела кінуцца дапамагчы, крычала: «Чалавеку дрэнна», але мяне паднялі і панеслі ў аўтазак.

ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

- Яны бачылі, што вы - чалавек з асаблівасцямі?

- З таварышам [АМАПаўцам], які выцягнуў мяне са счэпкі, мы нейкі час стаялі на адлегласці выцягнутай рукі. Глядзелі адзін аднаму ў вочы, - успамінае Саша. - Я запомніла, што яны ў яго былі карыя, і рэакцыі ў іх - нуль. Яму было ўсё адно, хто я, і што са мной.

У суботу ўдзельніцу акцыі даставілі ў Савецкае РУУС. Да таго як адключыць тэлефон, Саша паспела адправіць паведамленні маме і сябрам.

- У РУУС супрацоўнікі запісалі нашы звесткі, знялі на відэа і сказалі: тых, у каго гэта першае затрыманне, адпускаюць, - апісвае тут сітуацыю Аляксандра. - Ніякіх пратаколаў я не бачыла, нічога не падпісвала. Адзінае - мяне, як і іншых дзяўчат, папярэдзілі: пры паўторным затрыманні мы так лёгка не адкараскаемся.

Бліжэй да дзесяці вечара Аляксандра выйшла з міліцыі. Першае, што яна зрабіла дома: стала тэлефанаваць сябрамі і родным: хацела папярэдзіць – са мной усё добра.

- Першы чалавек, каму я набрала, была мама. Я вельмі перажывала, як яна ўспрыняла маё паведамленне з аўтазака, хвалявалася, што яна вельмі нервуецца, - працягвае суразмоўца. - І вось уключаецца відэасувязь, і я бачу: мама усміхаецца. Распавядае, што бачыла, як мяне - далікатную, ды яшчэ з інваліднасцю - цягнуць тры чалавекі. Сказала, што я малайчына, і яна мной ганарыцца. Нават цяпер, калі я ўспамінаю нашу гутарку, у мяне падступаюць слёзы. Мы з сябрамі абмяркоўвалі, наколькі цяжка, калі блізкія, асабліва бацькі, не падзяляюць твае погляды. І якая гэта ўдача, калі родныя цябе падтрымліваюць. Мне пашанцавала: мая мама - гэта мая крыніца сілы.

Апошнія навіны