BE RU EN

«Дзяўчаты пачалі стукаць у сценку аўтазака і крычаць, што цяжарнай жанчыне не стае паветра»

  • 20.09.2020, 21:41

Як сёння «вызначыліся» фашысты з Гародні.

У Гародні на вуліцы Віленскай падчас мірнай акцыі сілавікі жорстка затрымлівалі людзей. У аўтазак забралі і цяжарную жанчыну, затрыманне якой трапіла на відэа. Жанчыну, што крычала амапаўцам: «Я цяжарная!», пакуль тыя цягнулі яе па асфальце ў аўтазак, клічуць Вераніка - і яна распавяла tut.by, як усё адбывалася.

На відэа, якое з'явілася ў сацыяльных сетках відаць, што адзін з сілавікоў хапае жанчыну і цягне яе па дарозе. Яна крычыць, што цяжарная (візуальна гэта таксама відаць - у Веранікі ўжо 31 тыдзень цяжарнасці), і ўпіраецца. На дапамогу чалавеку ў форме падбягаюць яшчэ некалькі супрацоўнікаў АМАП, у тым ліку і жанчына. Яны ўсе разам цягнуць цяжарную ў аўтазак. Вераніка працягвае ўпірацца.

Вераніка ўжо дома. Яна распавядае TUT.BY, што выйшла на двор, «каб мірна абараніць свой голас» і цяпер перажывае, каб для яе сям'і не было ніякіх наступстваў - у Веранікі ёсць яшчэ старэйшае дзіця, малая ў той час, калі бацькі пайшлі ў горад, была ў сваякоў.

- Ведаеце, зараз такая сітуацыя... На мой погляд, у краіне адбываецца нешта далёкае ад нармальнай прававой дзяржавы... Незразумела, якія могуць быць наступствы. Хоць я нічога супрацьзаконнага і дрэннага не рабіла - проста мірна і бяспечна ішла па ходніку з іншымі людзьмі. Я такім чынам бараніла свой голас, аддадзены на выбарах. Я не крычала, ні на каго не замахвалася. Ды і наогул - мне Канстытуцыяй дадзена права на мірныя сходы, - кажа Вераніка.

Успамінаем, як усё было. У гэтую нядзелю ў Гародні на мірную акцыю пратэсту сабралася блізу 500 чалавек. Сілавікі перацялі пешаходную вуліцу Савецкую, і людзі рушылі па Вялікай Траецкай, а потым выйшлі на перакрыжаванне з Віленскай - там і пачаліся затрыманні. Вераніка разам з мужам у гэты час былі на ходніку. Калі тут з'явіліся сілавікі, жанчына выбегла на праезную частку, дзе яе сталі затрымліваць.

- Я вельмі баялася за мужа, гаварыла яму, каб уцякаў, бо за сябе неяк не было страшна, а вось мужчын затрымлівалі дастаткова жорстка. Ён у нейкі момант паспеў сысці - і яго не затрымалі, - распавядае Вераніка.

Жанчыну ж пасадзілі ў аўтазак. У адсеку, дзе яна знаходзілася, у той момант было яшчэ тры жанчыны. Са слоў жанчыны, яны пачалі стукаць у сценку і крычаць пра тое, што з імі ёсць цяжарная і ёй не стае паветра. Тады Вераніку перасадзілі ў адсек, дзе яна была адна.

- Мы праехалі зусім няшмат, метраў 50. Да мяне зайшоў супрацоўнік АМАПу, спытаў, ці ёсць у машыне мае рэчы. Я хацела забраць свой сцяг, але мне яго не аддалі. Міліцыянт сказаў, што магу выходзіць. Я выйшла. Праз нейкі час знайшла мужа. Зараз я дома, - кажа жанчына.

Вераніка кажа, што «ніколі раней не бачыла, як затрымліваюць людзей, - і для яе гэта стала шокам». Адчувае яна сябе нармальна.

Апошнія навіны