BE RU EN

«Голас Амерыкі»: Пуцін хоча сыходу Лукашэнкі

  • 19.09.2020, 11:54

Крэмль заняў чакальную пазіцыю.

На думку заслужанага прафесара Універсітэта Альберты (Канада) Дэвіда Марплса, расейскі прэзідэнт Уладзімер Пуцін яшчэ цалкам не вызначыўся, які бок у канфлікце ў Беларусі падтрымліваць.

У інтэрв'ю «Голасу Амерыкі» ён адзначыў, што «Лукашэнка вельмі блізкі да таго, каб раз'юшыць Пуціна». Паводле ягоных словаў, некаторыя рэчы (напрыклад, захоп «вагнераўцаў» і абвінавачванне іх у тым, што яны рыхтавалі пратэсты) «выглядалі відавочнай правакацыяй і павінны былі раззлаваць Пуціна сур'ёзна».

«Калі б такое адбылося ў Кіеве, то наступствы з боку Масквы ўжо надышлі б. Але тут Пуцін маўчаў і чакаў, і нічога не зрабіў, пакуль гэтых наймітаў не вярнулі дадому. Аднак на дэманстрацыі ў Менску ён таксама ніяк не адказаў, ва ўсякім разе ягоная рэакцыя была іншай, чым на Майдан ва Украіне ў 2014 годзе. Пуцін не абраў да канца ні адзін з бакоў канфлікту ў Беларусі, і Лукашэнка, як мы ведаем, яго раздражняе. Гэта азначае, што ён хоча сыходу Лукашэнкі з часам, але перад ім увесь час паўстае пытанне: хто яго заменіць? І Пуцін, перш за ўсё, асцерагаецца, што яму на змену прыйдзе хтосьці празаходні, настроены на збліжэнне з ЕЗ», – адзначыў прафесар.

Марплс сцвярджае, што гісторыя з атручваннем расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага таксама негатыўна адбіваецца на сітуацыі вакол Беларусі.

Рэч у тым, мяркуе навуковец, што Захаду, які спрабаваў удзельнічаць ва ўрэгуляванні канфлікту, «значна цяжэй цяпер гаварыць з Масквой з нагоды нейкіх супольных ініцыятываў наконт Беларусі».

«Да гэтага ўсяго дадаецца адсутнасць у цяперашні час ролі ЗША як лідара ў знешняй палітыцы Захаду, і затрымка з вяртаннем амерыканскага амбасадара ў Беларусь, таму што распачаты працэс паўторнага абмену амбасадарамі натыкнуўся на крызіс і адбываецца на дрэнным для такіх дзеянняў фоне», – падкрэсліў прафесар.

Апошнія навіны