Польшча і Літва: Межы з Беларуссю працуюць у штатным рэжыме
- 18.09.2020, 9:42
«Таракана» зноў злавілі на неадэкватных заявах.
Ні Польшча, ні Літва пакуль не заўважылі нейкіх змен пасля таго, як Лукашэнка заявіў, што зачыняюцца мяжы з гэтымі краінамі. Памежныя службы суседніх краін інфармуюць, што пропуск транспарту ідзе ў ранейшым рэжыме, паведамляе onliner.by.
Польска-беларуская мяжа працуе ў штатным рэжыме, падае РІА «Новости» словы прадстаўніка Надбужскага аддзела Памежнай варты Польшчы. "З нашага боку ў цяпер пропуск грамадзян і транспарту ажыццяўляецца ў штатным рэжыме. Што там з беларускага боку - мы не ведаем», - сказаў суразмоўца агенцтва.
Літоўцы таксама пакуль не заўважылі нічога незвычайнага. Аб рабоце мяжы ў звычайным парадку заявілі ў МУС Літвы. У эфіры радыё LRT міністарка ўнутраных спраў Рыта Тамашунэнэ сказала, што транспарт рухаецца без якіх-небудзь затрымак.
«Такія заявы ўжо былі і дагэтуль - пра тое, што цягачы будуць накіраваныя ў іншыя парты, потым наступіла ўдакладненне, што гэта будзе, калі Расея прапануе такія ж умовы і г.д. Я думаю, і цяпер трэба пачакаць, паглядзець, што гэта значыць - закрыццё межаў для грузаў, людзей ці нешта яшчэ», - сказаў у пятніцу раніцай у эфіры радыёстанцыі кіраўнік Міністэрства замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.
У сваю чаргу, сёння раніцай кіраўнік Службы аховы дзяржмяжы Літвы Рустам Любаеў паведаміў, што рух на беларуска-літоўскай мяжы пакуль праходзіць у ранейшым рэжыме, піша Delfi. «Нічога канкрэтна пакуль не вядома - было б складана меркаваць, што за ноч з Беларусі прыйдзе нейкае афіцыйнае паведамленне, але сітуацыя на мяжы за ноч не змянілася: рух не спынены», - сказаў ён.