BE RU EN

Сейм Латвіі падтрымаў забарону георгіеўскай стужкі

  • 17.09.2020, 16:42

Таксама паступіла ідэя забароны выкарыстання адзення, якое нагадвае пра былы СССР.

Сейм Латвіі ў першым чытанні ўхваліў папраўкі ў заканадаўства, якія прадугледжваюць забарону на выкарыстанне георгіеўскай стужкі падчас публічных мерапрыемстваў.

Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на агенцтва LETA.

Старшыня Камісіі правоў чалавека і грамадскіх спраў Артус Кайміньш, адказны за законапраект, паведаміў, што ў камісіі абмяркоўвалася пытанне аб вызначэнні «георгіеўскай стужкі», адзначыўшы, што гэтае пытанне выклікала рознагалоссі. З ягоных слоў, перад другім чытаннем да законапраекта дададуць такое вызначэнне.

«Прымаючы пад увагу экспансію Расеі ва Украіне і яе таталітарную ідэалогію ў дачыненні да былых рэспублік СССР, у Латвіі ёсць падставы бачыць пагрозу сваёй дэмакратычнай сістэме і бяспецы. Забарона на георгіеўскія стужачкі абмежавала б такія праявы ідэалогіі. Мы павінны паказаць сваю пазіцыю супраць выкарыстання гэтых стужак на публічных мерапрыемствах», - заяўляў раней Кайміньш.

Цяпер закон аб бяспецы грамадскіх забаў і гулянняў забараняе выкарыстанне сцягоў, гербаў і гімнаў былога СССР, яго рэспублік і нацысцкай Германіі, нацысцкіх свастык, знакаў СС і савецкай сімволікі падчас публічных мерапрыемстваў, за выключэннем выпадкаў, калі мэта іх выкарыстання не звязаная з праслаўленнем таталітарных рэжымаў або апраўданнем учыненых крымінальных злачынстваў.

Каб папраўкі ўвайшлі ў дзеянне, яны павінны быць адобраныя ў трох чытаннях. Таксама іх павінен абвясціць прэзідэнт Латвіі.

У Сейм таксама паступілі папраўкі да закона, якія прадугледжваюць забарону на выкарыстанне адзення, што нагадвае пра былы СССР, яго рэспублікі і нацысцкую Германію, узброеныя сілы і праваахоўныя органы (рэпрэсіўныя ўстановы).

Апошнія навіны