BE RU EN

Лекары распавялі пра страшныя злачынствы лукашэнкаўскіх сілавікоў

  • 16.09.2020, 19:33

Шакавальныя прызнанні.

Першымі, хто выступіў супраць гвалту сілавікоў пасля выбараў, сталі работнікі медыцыны. Менавіта яны бліжэй за ўсіх сутыкнуліся з наступствамі збройнага разгону дэманстрацый і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў. Прызнанні лекараў - у праграме «Шчыра кажучы» на «Белсаце».

Дзень 9 жніўня пачынаўся ў работнікаў медыцыны трывожна. Сігналы аб чаканым гвалце паступалі задоўга да асноўнага дня галасавання, распавядае Алена Хоміч, патолагаанатам і судмедэкспэрт:

«Рыхтавалі свае кансультацыйныя медыцынскія блокі, каб ратаваць людзей, бо ведалі, што будзе беспакаранасць бойня з боку ўладаў. Мы выдатна ведалі і былі папярэджаны, што аддадзены загад страляць на паражэнне, загад біць, хапаць».

Медык Алена Хоміч разам з калегамі аказвала валанцёрскую дапамогу пацярпелым у палявых умовах, каб ім не звяртацца па дапамогу афіцыйна і не трапляць такім чынам у поле зроку сілавікоў.

«Яны зачыняліся ў сваіх машынах хуткай дапамогі і тварылі цуды. Фактычна хірургію на месцы. Каб выратаваць рукі, ногі, абпаленыя вочы».

Асноўны ўдар прыняла на сябе бальніца хуткай дапамогі. Прычым самыя цяжкія пацыенты былі не з мірных акцый пратэстаў, дзе пацярпелі ад гумовых куль і святло-шумавых гранат, - а людзі, якіх збівалі і катавалі ў міліцэйскіх аддзяленнях і ізалятарах часовага ўтрымання.

«Медыкі, якія гадамі працавалі ў рэанімацыі, на хуткай дапамогі, якія бачылі шмат і якія не баяцца таго, што звычайнага чалавека шакіруе, з дрыготкімі рукамі і слязамі на вачах расказвалі пра сур'ёзныя траўмы і пашкоджанні ўнутраных органаў, шматлікія падцёкі пад абалонкі і ў рэчыва галаўнога мозгу, пра ўнутраныя крывацёкі і разрывы органаў. Не кажучы пра шматлікіх мужчын з разрывам прамой кішкі - зразумела, ад чаго... Зноў жа, са слоў, я сама не сутыкалася з тымі жанчынамі, але вядома, што былі сур'ёзныя пашкоджанні як вонкавых, так і ўнутраных палавых органаў», - сведчыць рэаніматолаг Кацярына Мержынскас.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы» сведчанні і падзякі калегам ад вядомага беларускага медыка Аляксандра Мрочака, дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія», якога паказальна звольнілі за грамадзянскую пазіцыю.

Апошнія навіны