BE RU EN

Парламент Японіі зацвердзіў новага прэм'ера краіны

  • 16.09.2020, 9:54

Кандыдатуру палітыка падтрымалі абедзве палаты японскага парламента.

Парламент Японіі зацвердзіў новага старшыню кіроўнай у краіне Ліберальна-дэмакратычнай партыі Есіхідэ Сугу на пасаду прэм'ер-міністра. Пра гэта паведамляе Kyodo.

Кандыдатуру 71-гадовага Сугі падтрымалі 314 з 462 дэпутатаў ніжняй палаты японскага парламента, у якой паводле Канстытуцыі краіны ёсць права вызначальнага голасу пры выбары кіраўніка ўрада. У верхняй палаце ён атрымаў 142 галасы з 245.

У найбліжэйшыя гадзіны Суга павінен абвесціць новы склад Кабінета міністраў. Плануецца, што большасць міністраў з урада мінулага прэм'ера Сіндзо Абэ захаваюць свае месцы, сярод іх – міністр эканомікі, гандлю і прамысловасці Хіросі Кадзіяма, які адказвае за развіццё эканамічных сувязяў з Расеяй.

Сіндзо Абэ падаў у адстаўку ў канцы жніўня праз праблемы са здароўем. Ён узначальваў Кабмін Японіі цягам васьмі гадоў, што стала рэкордам у часе знаходжання на гэтай пасадзе.

Апошнія навіны